Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Аркадзь Куляшоў

110 гадоў з дня нараджэння

Писатель
Чытайце кнігі Аркадзя Куляшова ў нашых бібліятэках

Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў (1914-1978) — народны паэт Беларусі, публіцыст, перакладчык, кінасцэнарыст, грамадскі дзеяч. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1934 года.

Нарадзіўся 6 лютага 1914 года ў вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і вясковых настаўнікаў. Пасля заканчэння школы была вучоба ў Беларускім вышэйшым педагагічным інстытуце (1931-1933). У гэты час ён многа і плённа пісаў. Працаваў ў рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», на Беларускім радыё (1934-1936), літаратурным кансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1936-1937). Пасля вайны прызначаны рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», затым начальнікам сцэнарнага аддзела, галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм».

Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР многіх скліканняў, працяглы перыяд з’яўляўся старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, удзельнічаў у рабоце ХVІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Йорку.

Творчая дзейнасць

На літаратурны шлях А. Куляшоў ступіў вельмі рана. Паводле ўспамінаў родных, першыя вершаваныя спробы ён пачаў рабіць з чатырох гадоў. Літаратурны дэбют у друку адбыўся ў 1926 годзе ў Клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік», дзе быў апублікаваны яго першы верш «Ты мой брат» пад псеўданімам Аркадзь Дуда. А ў 1930 годзе ва ўзросце шаснаццаці гадоў ён выдаў свой першы зборнік вершаў «Росквіт зямлі». Адзін за адным выйшлі ў свет яго зборнікі вершаў і паэм «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (1932). У вершах маладога паэта — сцвярджэнне новага ў жыцці.

Этапным творам прадваеннага перыяду стала паэма «У зялёнай дуброве», дзе гучыць прадчуванне набліжэння вайны. Працуючы ваенным карэспандэнтам у газеце «Знамя Советов», Аркадзь Куляшоў напісаў там усе свае вершы і балады ваеннай пары, такія як «Балада аб чатырох заложніках», «Над брацкай магілай», «Ліст з палону», «Маці», «Бярозка» і іншыя.

Вяршыняй яго ваеннай творчасці і найлепшым паэтычным творам беларускай літаратуры, прысвечаным падзеям Вялікай Айчыннай вайны, з’явілася паэма А. Куляшова «Сцяг брыгады» (1942; Дзяржаўная прэмія 1-й ступені — 1946). Твор захапляе суровай праўдай вайны, вялікай верай у перамогу, лірычнасцю, сардэчнасцю і паэтычным майстэрствам.

Галоўны матыў многіх твораў пасляваеннай паэзіі А. Куляшова — барацьба за мір і шчасце, шчырасць пачуццяў і думак герояў. Аўтар паэм «Новае рэчышча» (1948; Дзяржаўная прэмія — 1949), «Толькі ўперад» (1950), «Далёка да акіяна» (1971), «Варшаўскі шлях» (1973, прысвечана Аляксандру Твардоўскаму), «Хамуціус» (1975, драматычная паэма пра лёс і подзвіг К. Каліноўскага).

Выйшлі з друку зборнікі паэзіі «На сотай вярсце» (1945), «Вершы» (1947), «Выбраныя вершы і паэмы» (1948), «Новая кніга» (1964), «Сасна і бяроза» (1970), «Мая Беседзь» (1973), «Хуткасць» (1976), «Крылы» (1985), «Дарогі» (2003) і іншыя.

Сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (1958, з А. Кучарам), «Першыя выпрабаванні» (паводле матываў трылогіі «На ростанях» Я. Коласа, з Максімам Лужаніным, пастаўлены ў 1960-1961) і «Запомнім гэты дзень» (з М. Лужаніным, пастаўлены ў 1967).

«Бывай…»

Куляшоў — аўтар лірычнага верша «Бывай…», які набыў вядомасць у 1972 годзе дзякуючы з’яўленню песні «Алеся».

У 1928 годзе Аркадзь Куляшоў, тады яшчэ чатырнаццацігадовы юнак, у часопісе «Полымя» №5 апублікаваў свой верш «Бывай…», напісаны пад знакам ростані з каханай. Перапрацаваны тэкст твора друкаваўся ў зборніку пісьменніка «Мая Бесядзь» (1973). Верш быў пакладзены на музыку І. Лучанком. У выкананні ансамбля «Песняры» музычны твор набыў шырокую вядомасць пад назвай «Алеся»:

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.

Прататыпам вобраза Алесі была школьная сяброўка А. Куляшова — Карыткіна Аляксандра (Алеся), якая абудзіла ў падлетка пачуццё першага кахання.

З кнігі А. Кучара «Літаратурна-крытычныя артыкулы»: «А. Куляшова зацікавіў ансамбль «Песняры». Ён, які рэдка хадзіў на канцэрты, пайшоў іх слухаць, а потым загарэўся думкай напісаць для іх песню. Ён узяў свой юнацкі верш, напісаны гадоў можа сорак таму назад, дапрацаваў яго і прыйшоў да кампазітара Лучанка з ужо гатовай мелодыяй. Але Аркадзь трохі пераацаніў свае здольнасці ў музыцы. Лучанок пахваліў яго мелодыю, але напісаў зусім іншую. І Аркадзь вымушаны быў прызнаць, што яна — куды лепшая».

Слухаць песню

Песняры. Алеся. Леонид Борткевич [Электронный ресурс] // YouTube : [сайт]. – 2018. – Режим доступа: https://www.youtube.com/watch?v=4NyI_yh7vp0. – Заглавие с титул. экрана. – Дата обращения: 08.01.2024.

Вверх