Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Аркадзь Куляшоў

Анатаваны спіс

Творы

Куляшоў, А. Аркадзь Куляшоў ; [укладанне, прадмова, каментар Т. Грамадчанка]. – Мінск : Беларуская навука, 2020. – 635 с. – (Беларускі кнігазбор).

«Прыгоды цымбал»
(урывак з паэмы)
Сярод сясцёр вясёлых
Яна ў бары расла,
Вышэйшаю між ёлак,
Гучнейшаю была.
Ударыў дзед абухам,
I елка загула, —
Зачараваны слухаў,
Прыпаўшы да ствала.
Між небам і зямлёю
Апошні раз яна
Звінела пад пілою,
Як пад смычком струна.
«Не плачце! — прашумела,
Як падала ў траву. —
Я буду пець,
Як пела,
Я вас перажыву».
Бліснуў лысінай пень,
Елка вырвала з ценяў свой цень,
На паляне лясной
Кладучы яго побач з сабой.
Елка больш не звінела, а пень астываў ад пілы,
Нібы ў кропельках поту, у кроплях празрыстай смалы.
Сосны, елкі ў той час
Галасілі ад сэрца ўсяго:
«На каго ты пакінула нас,
На каго?
Павязуць цябе з лесу, на колах,
На рыжым кані,
Прывязуць цябе з лесу, паколюць,
Згарыш на агні.
Будуць людзі на голлі
Яловым кілбасы капціць!
Разам з намі ніколі
Табе ўжо, сястрыца, не жыць.
Не дастаць галавою
Табе да блакітных нябёс…»
Пад галошанне тое
З лесу выехаў воз.
Едзе ёлка ў жытное,
І шлях яе новы пралёг
Да сяла,
На якое
Раней паглядала здалёк…
Творы

Куляшоў, А. Выбраныя творы / Аркадзь Куляшоў ; [укл. і прадм. В. Куляшовай]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 206 с. – (Школьная бібліятэка).

Урывак з паэмы «Сцяг брыгады»

1

Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны,
Родны Мінск я пакінуў, нямецкай бамбёжкаю гнаны.
Міма дрэў, міма дрэў
Усю ноч я ішоў, — за спіною
Родны горад гарэў,
I не ведала сэрца спакою.
Я здарожыўся, сеў каля хатак,
Чакаючы сонейка,
У блакнот свой заношу пачатак
Вандроўнага дзённіка,
Дзень учорашні, вечар,
Ноч і сённяшні досвітак шэры,
Усе ростані і сустрэчы
Пішу на паперы.
⚹ ⚹ ⚹
Што сказалі мне рэчы,
Калі я выходзіў з кватэры?
Рэчы хатнія ўсе
Аглядаў я з маўклівай тугою,
Бо прасілі мяне па чарзе,
Каб забраў іх з сабою.
Ані лыжкі, ні міскі
Застацца ў кватэры не хочуць,
Не згаджаюцца кніжкі,
Каб вораг паліў іх на плошчы.
Конь майстэрскай работы,
3 кардону, на колах драўляных,
Мне сказаў: — На каго ты
Пакідаеш нас, занядбаных?
Забяры, гаспадар, бо я тут
Усё роўна загіну…
Хіба я не вазіў з кута ў кут,
3 кута ў кут твайго сына?
Як вайна пачалася, ты быў, гаспадар, на раёне,
I адтуль да сям’і ў родны горад прыехаў ты сёння.
Гаспадыня ж учора
3 малымі пайшла да вакзала,
А мяне яна з гора
На поезд з сабою не ўзяла.
Не хацеў адпусціць мяне сын,
Пакідаючы хату,
Не згаджаўся, каб жыў я адзін,
Каб я жыў без дагляду.
«Мы паедзем да бацькі ў раён,
Бацька новага купіць, другога», -
Гаспадыня сказала.
I ён
Развітаўся са мной ля парога.
Дороги

Куляшоў, А. Дарогі : вершы, паэмы / Аркадзь Куляшоў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. – 318 с. – (Беларуская паэзія XXI стагоддзя).

Верш з цыкла «Маё сэрца ў бары»

Колас

Шуміць авёс, звініць ячмень,
I верыш ты ахвотна,
Што каласы цалюткі дзень
Красуюць бесклапотна.

Ты працай дзень распачынаў,
Пацеў пад сонцам летам,
А коласу як быццам спраў
Няма. Няпраўда гэта.

Ты, з працы ідучы, прыкмець
Ягоную работу, —
Вусамі ён варушыць ледзь,
Ён мокры ўвесь ад поту.

Не проста ён глядзіць увысь
На светлыя аблокі,
А знізу ўверх, а зверху ўніз
Свае ганяе сокі.

Ён з глебы гоніць кропляў шмат,
Іх грэе на праменні,
Бо трэба вырасціць зярнят
Яму не меней жмені.

Ён ловіць сонечны прамень,
Нябеснай рад вадзе ён,
Так напрацуецца за дзень,
Што ночку ўсю пацее.

Ні днём, ні ноччу ад турбот
Спакою ён не мае.
А раніцою з твару пот
Ён сонцам выцірае.
Крылья

Куляшоў, А. Крылы : лірыка 1927-1977 / Аркадзь Куляшоў ; [прадм. П. Панчанкі]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1985. – 271 с. : іл.

Верш з цыкла «Мая Бесядзь»

Бывай…

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.

Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..
Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае світанне,
Суровы позірк твой і мой нямы адчай.

Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,
Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе
На сцежках ростані мой адзінокі сум.

Пайшла за ціхія, далёкія прасторы
Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.
Душі пакрыўджанай гарачыя дакоры
Слязой халоднаю застылі на траве.

Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.
Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.
пасведчанне

Куляшоў, А. Маё пасведчанне / Аркадзь Куляшоў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2019. – 135 с. : іл. – (100 вершаў).

Вершы са збонніка

⚹ ⚹ ⚹
Ёсць у паэта свой аблог цалінны,
Некрануты прастор для баразён,
Дзе ён працуе з першае хвіліны
І да апошніх вечаровых дзён;

Ёсць думак прагавітае насенне,
У жменю назбіранае з дарог,
Што спелага чакае ўвасаблення,
Заліўшы хваляй жытняю аблог;

Ёсць сэрца маладое, без якога —
Без палкага, жывога пачуцця —
Няма ў яго нічога: ні аблога,
Ні плённых дум, ні самаго жыцця;

І ёсць адказнасць перад строгім вершам,
Перад яго пачаткам і канцом —
Каб баразну, радком пачаўшы першым,
У сноп звязаць шаснаццатым радком.
⚹ ⚹ ⚹
Гадзіннік мой — не сонца, што ў зеніце,
Гадзіннік мой — не сэрца, што ў грудзях.
Сваім дакладным часам на арбіце
Сама зямля мой вымярае шлях.

Начы і дні адбіўшы чаргаванне,
На месцы не стаяць мацерыкі —
Па іх жывым і сонечным экране
Бягуць дарог і рэчак ручнікі.

Дыван вясны перацвітае ў лета,
Завея лісцяў — у сняжынак пух;
Я не хачу, каб некалі ўсё гэта,
Хаця б на момант, свой спыніла рух.

Хай сэрца стане, сонца ў хмарах згіне,
А ты, Зямля, няспынным крокам кроч,
Не дай на той мне ўпасці палавіне,
Дзе дня не будзе, будзе толькі ноч.
Между

Куляшоў, А. Паміж наступным і былым : вершы, паэмы / Аркадзь Куляшоў ; [прадм. В. Куляшова]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1995. – 542 с. : іл. – (Бібліятэка беларускай класікі).

Верш з цыкла «Хуткасць»

Пра славу

Здавалася мне слава явай блізкай
Тады, калі схілялася ў цішы
Паэзія, як маці над калыскай,
Над сненнем недасведчанай душы.

Каб рос хлапчук, не дбаючы аб цудзе,
Каб не лічылі людзі сысунком,
Яна да болю матчыныя грудзі
Пякучым націрала палыном.

Пасля, малыя выверыўшы крокі
На бітым шкле і на жарстве дарог,
Рукою паказала свет шырокі
I босага пусціла за парог.

3 тых дзён, калі падносяць кубак славы,
Я лішняе спакусы не глыну,
Бо ўсё яшчэ мне помніцца гаркавы
На смаглых вуснах прысмак палыну.
Вверх