Русецкі Аляксей
110 гадоў з дня нараджэння
Чытайце кнігі Аляксея Русецкага ў нашых бібліятэкахАляксей Сцяпанавіч Русецкі (сапр. Бурдзялёў, 1912-2000) — паэт, перакладчык, Заслужаны работнік культуры Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1947 года.
Нарадзіўся 4 снежня ў мястэчку Студзянец Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Яшчэ з дзяцінства зведаў, здаецца, усё: хадзіў за бараной і плугам, вадзіў на начлег каня, займаўся ў школе.
Скончыў Маскоўскі зоаветэрынарны інстытут (1935). Вандраваў па кішлаках Ферганскай даліны, працаваў бактэрыёлагам у Краснаярскім краі, Хакасіі, Маскве, Мінску. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на Калінінскім, Заходнім, 3-м Прыбалтыйскім франтах. Прымаў удзел у вайне з імперыялістычнай Японіяй. У 1947 годзе дэмабілізаваўся, вярнуўся ў Мінск, дзе пасля вайны аднаўляецца актыўнае літаратурнае жыццё. Працаваў літкансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі, у часопісах «Беларусь», «Полымя» (намеснікам галоўнага рэдактара).
Творчая біяграфія
Друкаваўся з 1934 года. Багатая біяграфія паэта — добрая аснова для літаратурнай творчасці. Аляксею Русецкаму было пра што расказаць у сваіх вершах. У 1951 годзе з’явілася першая кніжка паэта — зборнік «У заўтрашні свет». Многія вершы зборніка звярталі ўвагу чытачоў — «Хмурынка», «Наступ», «Май», «Дадому»… Яны напісаны ў розныя гады вайны і пасля Перамогі, захаваўшы перажыванні байца-вызваліцеля.
Пазней выходзяць кнігі паэзіі «Святло акон тваіх» (1959), «Служба святла» (1967), «Зямля гаворыць зорам» (1971). Тэматыка твораў — краса роднай зямлі, каханне, стваральная праца народа, яго гісторыя, заклапочанасць лёсам планеты і чалавека на ёй.
Аляксей Русецкі — адзін з заснавальнікаў ліра-маналагічнай паэмы ў беларускай паэзіі («Яго вялікасць», 1964; «Маналог Зямлі», 1969). У паэмах «Айкумена» (1982) і «Хвала жыццю» (1985) пісьменнік злучыў асабісты лёс лірычнага героя з лёсам Радзімы, з глабальнымі праблемамі Сусвету, сцвярджае, што будучыня Зямлі, чалавецтва залежыць ад асабістай адказнасці чалавека, ад яго разумнасці, духоўнасці, маралі.
За кнігу паэзіі «Крокі сэрца» (1980) прысуджана Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова ў 1981 годзе. Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.



