Чарот Міхась
Анатаваны спіс
Чарот, М. Збор твораў : у 6 т. Т. 1. : вершы, паэмы / Міхась Чарот. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1958. – 300 с.
Вершы са зборніка
Вясна і дзяўчына
Кожнай вясне
Кожная дзяўчына рада,
Бо вясна сум дзяўчыне рассее,
Не паслухае сэрца парады.
Знаю вясну,
Знаю адну дзяўчыну,
Калі сум ў яе сэрцы заснуў,
Як змораны хтось ў адпачынак.
Той вясною дзяўчына чакала,
Што з паходу каханак прыйдзе,
Вясну радасна так загукала,
А каханка… забіў якісь злыдзень.
Дзень вясновы жальбы не развее,
Пакуль ёсць войнаў дзікіх пагрозы…
І пабачыў вясной на траве я
Не расу, а дзяўчыны той слёзы.
Ты не плач, толькі помні аб гэтым…
Ты не траць ні надзей, ні красы.
Час ідзе — я узрокам паэта
Слёз не бачу, а каплі вясенняй расы.
⚹ ⚹ ⚹
У жыцці я радасць рассыпаю
І песнямі, і словам,
Таму, што ў сэрцы усхліпае
Прамень святла вясновы.
Бывае: нешта прамільгае,
Эх, чорнае такое,
Нібы груган той па-над гаем, —
Я і тады спакоен.
Таму, што веры не парушыць
Ні сябра мой, ні вораг.
На свеце шмат ёсць крывадушных
Сягоння, як і учора.
Бывае, сцелюць гэтак мякка,
Ой, як жа цвёрда спіцца.
Ад іх далёка праўда-матка,
Ў паветры, як сініца.
Няхай мяне не запужае
Хлусня іх і пяшчота…
Адкінуў ўсё, нават без жалю,
А іх пашлю — да чорта!
Ў жыцці я радасць рассыпаю
І песнямі і словам,
Таму, што ў сэрцы усхліпае
Прамень святла вясновы.
Чарот, М. Ведай свет… : вершы, паэмы / Міхась Чарот // Душа мая тужлівая… : сярэбраныя галасы : вершы і паэмы. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2005. – С. 261-288.
Вершы са зборніка
Сенажаці і полі аснежаны
Сенажаці і полі аснежаны,
Рэкі высланы гладкім памостам.
Воўк з гушчару дарогай няезджанай
Бяжыць к вёсцы няпрошаным госцем.
Лес у шлюбным адзенні, а хмурыцца,
Не вітае ён песнямі рання…
А у вёсках завеяны вуліцы,
Ў мяккіх гурбах купаюцца сані.
Сівалапы гуляе пад вокнамі,
Пазірае хаціне у вочы,
Толькі ў поўдзень часамі замоўкне ён,
А як вечар — у шыбы стукоча.
Дзеці пальцамі шыбы з узорамі
Размалёўваюць, тулячы плечы.
Згорнуць ў жменю сняжыначкі-зоры
І бягуць пасмактаць у запеччы.
Ноччу печ заспявае ім комінам,
Сон салодкі ў пасцелі ім сніцца,
Што ў садку яны з крыкам і гоманам
На сіле ловяць гуртам сініцу.
Балотам снежным праз сасоннік
Балотам снежным праз сасоннік,
Які смаловым пахам вабіць,
Прастор балот зімою соннай
Люблю санямі разухабіць.
Люблю, як кусцік нізкарослы,
Калі з саней назад паглянеш,
Нібы адкінуўшы ён вёслы,
Плыве па белым акіяне.
Пукаты стог люблю аб’ехаць,
Сляды наўкол зрабіць палоззем
І сена, выскубнуўшы вехаць,
Люблю раскідаць па дарозе.
Люблю, як санкі мчацца з плачам,
Пісклявы гімн зіме заводзяць,
А конь, падкуты чортам, скача,
Нібы па шкле, па гладкім лёдзе.
Люблю закутацца кажухам,
Згайсаць ад меж да меж краіну
І крыкнуць гучна завірухам,
Што ў хвалях белых не загіну.
І зноў ляцець… Дуга хай звоніць,
Пакуль конь лейцы не аслабіць…
Прастор балот зімою соннай
Люблю санямі разухабіць…




