Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Ілья Гурскі

Анатаваны спіс

творы

Гурскi, І. Выбраныя творы / Ілья Гурскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1951. – 719 с.

На берагах Прыпяці

(урывак з апавядання)

Ляснымі сцежкамі ішоў салдат Кандрат Гарбачэня з вайны дахаты. Ён крочыў шырока і ўпэўнена, з высока паднятай галавою, цвёрда ступаючы па роднай зямлі. Гэта неяк адразу кідалася ў вочы. Ці то радасць з таго, што ён, нарэшце, вяртаецца дадому, так яго ўзбадзёрыла, ці то ў думках усплывала тое, пра што ён марыў расказаць сваім людзям пры спатканні, — як ён выканаў да канца свой абавязак салдата і як сам генерал паціснуў яму на развітанне руку і сказаў: «Дзякую за службу!» — але ў самой постаці салдата адчувалася, што ён вяртаецца дадому пераможцам.

Гарбачэня ўжо з гадзіну ішоў лесам. Як можна было акінуць вокам, нерухома стаялі смалістыя сосны. Сінія зубчастыя вершаліны іх узвышаліся і нібы ўразаліся ў высокае блакітнае неба. Пасля лес пачаў мяняцца: пракідаўся зялёны бярэзнік, пачалі трапляць прысадзістыя елкі, на зямлі, замест карычневай, сухой і слізкай ігліцы, слаліся дываны з сівых імхоў, купчастай папараці і зялёнага бруснічніку. Гарбачэня выйшаў на паляну. Кругом быў лес, які нагадваў яму мора, якое ён бачыў не так даўно там, на чужой зямлі. Але гэта лясное мора было сваім, родным і блізкім. Ён ведаў, што пройдзе яшчэ кіламетры два і пачнуцца шырокія палеткі калгаса «Чырвоныя паляшане», куды ён не раз хадзіў з хлопцамі на ігрышчы. Спачатку яму сапраўды падабаліся паляшанскія дзяўчаты, але калі ён пазнаёміўся з той, якая і цяпер не выходзіла з яго галавы, тады яны неяк збляклі ў яго вачах і памізарнелі.

І калі Гарбачэня ўвайшоў у калгас «Чырвоныя паляшане», у яго зноў з’явілася тое самае пачуццё да паляшанскіх дзяўчат. Насустрач яму траплялі яго былыя сяброўкі па гульнях. Яны спынялі яго, віталіся, часамі ў іх вачах ён мог прачытаць запытанне: ці не знойдзецца ў яго памяці месца для каторай. Але сэрца яго было спакойным, і ён спяшаўся далей.

У канцы вёскі Гарбачэню прыемна ўзрадавала адна з’ява: паляшане гуртам будавалі камяніцу — казалі, калгасную электрастанцыю. На рыштаваннях былі муляры, а навокал цесляры стукалі сякерамі, звінелі пілы. Гарбачэня спыніўся і доўга разглядаў будову. Ён уявіў будучыню паляшан і радасна ўсміхнуўся. Гарбачэня, яшчэ будучы малым, любіў будаваць гмахі і цярпець не мог тых хлапчукоў, якія разбуралі яго «будову». І вайна была не ў яго натуры. Але калі трэба было ваяваць, дык ён ваяваў, і ваяваў добра, паказаў, на што здольны тутэйшыя людзі.

Паляшанскія дзяўчаты, якія падышлі да Гарбачэні, калі ён спыніўся каля будовы, запрасілі яго зайсці пачаставацца хлебным квасам, пагаманіць. Але Гарбачэня не хацеў бавіцца, яму яшчэ заставалася ісці да свае вёскі добрых кіламетраў пятнаццаць, калі не болей. Падзякаваўшы дзяўчатам за запрашэнне, ён развітаўся з паляшанамі і пайшоў.

Скончыліся паляшанскія палеткі, і Гарбачэня зноў апынуўся ў густым цяністым лесе… Панура маўчаў велічны бор, пахла гніллю. У пушчы трапляліся невялікія прагаліны, месцамі лес быў дашчэнту спляжаны, пракладзены новыя дарогі, якіх перад вайною не было, — гэта сяляне тралявалі бярвенні. Гарбачэню пачала душыць смага. Ён, прайшоўшы яшчэ з паўкіламетра, угледзеў на паляне ручаіну і прыбавіў кроку. Паміж густымі чаротамі і шырокай асакой відаць была вада, уся пакрытая нейкай чырванаватай іржою. Гарбачэня разагнуў асаку і хацеў пілоткай зачарпнуць вады, але там нават простым вокам льга было разгледзець нейкую машкару і пацяруху. Калі Гарбачэня разагнуўся, то крокаў за дзвесце ад сябе ўбачыў падгалістую ласіцу з ласянём, якая, відаць, прыйшла на вадапой. Ласіца павяла мысай, угледзела чалавека, спудзілася і так скокнула, ажно сучча з трэскам паляцела ўверх. Гарбачэня рушыў далей. У лесе было ціха, нідзе нават птушка не ціўкне — яны не любяць гушчару. Гарбачэня збочыў, каб ісці нацянькі, і раптам спыніўся. Перад ім стаяў, можа, векавы дуб, мабыць, той самы, пра які яму бабка яшчэ ў дзіцячыя гады расказвала казкі. «Некалькі чалавек не маглі абняць прыгажуна дуба, цара пушчы», — успомніў Гарбачэня словы бабкі. Кучаравы дуб велічна ўзвышаўся, распасцёршы сваё галлё. Пад ім было зусім цёмна, бо праменні яркага сонца не маглі прабіцца праз густое лісце. Гарбачэня падышоў да дуба і адчуў сябе нейкім прыціснутым да зямлі і малым, хоць быў дзябёлым мужчынам. Ён паволі абышоў кругом магутнага дуба, нібы прыкідваючы вачыма, колькі трэба чалавек, каб яго абхапіць. «Многа пакаленняў перажыў гэты дуб», — падумаў Гарбачэня і паволі пайшоў…

Вецер

Гурскi, І.Вецер веку : раман-хроніка / Ілья Гурскі. – Мінск : Беларусь, 1966. – 688 с.

салдаты

Гурскi, І. Лясныя салдаты : апавяданні і аповесць / Ілья Гурскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1979. – 550 с. – (Бібліятэка беларускай прозы).

Лясныя салдаты

(урывак з аповесці)

Батальённы камісар Рыгор Гарашчэня і маёр Сымон Дубрава — ваенком з Палесся, а камандзір з Віцебшчыны — яшчэ да вайны служылі ў адным палку і моцна паміж сабой здружыліся. Пасля бою пад Мінскам, наглядзеўшыся на пакуты параненых, сябры далі адзін аднаму слова, што калі адзін з іх будзе цяжка паранены і не будзе ніякай надзеі на выздараўленне, другі пазбавіць яго пакут.

На Іваноўшчыне, недалёка ад ракі Бярозы, разгарнуўся гарачы бой з немцамі, у якім быў цяжка паранены Гарашчэня. Ён быў на самым небяспечным участку, з першым батальёнам, на ўскраіне дрымучага лесу, які цягнуўся на дзясяткі кіламетраў. Гарашчэня з батальёнам стрымліваў націск цэлага палка, узмоцненага танкамі і дывізійнай артылерыяй. Даведаўшыся, што ваенком сцякае крывёю — Гарашчэня быў паранены ў грудзі, — камандзір падпоўз да яго, каб памагчы сябру, а калі трэба будзе, то і выканаць дадзенае слова. Але ў камандзіра не падымалася рука на абяссілеўшага блізкага і дарагога яму чалавека, з якім прыняў усю сілу першага ўдару гітлераўцаў і адказаў ударам на ўдар.

Гарашчэня ў гарачцы біўся, як падстрэленая птушка, змагаючыся за жыццё. Ён то адкрываў павекі, то закрываў, крывячыся ад неймавернага болю. Рука сутаргава цягнулася да акрываўленай гімнасцёркі. Яго душыла смага.

Маёр напаіў з біклагі батальённага камісара, а потым спытаўся:

— То як, братко, справы?

— Дрэнь.

Сэрца ў камандзіра заныла, стала паскорана біцца. Ён бачыў, як камісар прагнуў жыцця. «Няўжо прыйдзецца падняць руку на свайго лепшага сябра? — думаў камандзір. — Не, я не магу гэтага зрабіць, не магу». Ён разарваў гімнасцёрку на параненым і пачаў яго перавязваць.

Гарашчэня адкрыў павекі і, нібы зразумеўшы думку камандзіра, прагаварыў:

— А можа, і выжыву…

Дубрава вальней уздыхнуў, у яго як гара з плеч звалілася. Жылістаю рукою камандзір украдкам зняў з загарэлага салдацкага твару буйную слязу. Зрабіўшы перавязку камісару, маёр па-пластунску папоўз, цягнучы на палатцы параненага. Вырваўшыся з зоны артылерыйскага агню, аддаўшы каманду адправіць камісара ў палявы шпіталь, маёр пайшоў на камандны пункт. Немцы, перагрупаваўшы сілы, пасля інтэнсіўнай артылерыйскай падрыхтоўкі і апрацоўкі пярэдняй лініі з паветра, зноў аднавілі атаку. Маёру прыйшлося ўвесці ў бой усе наяўныя сілы палка. Сляпцом лезлі п’яныя фашысты, усцілаючы трупамі прасторы параненай зямлі.

Тры дні полк абараняў гэты рубеж, што дало магчымасць адступаючым часцям Чырвонай Арміі адарвацца ад праціўніка, каб замацавацца на больш выгадных пазіцыях. Трэба было таксама даць магчымасць адысці ўцекачам.

Яшчэ і цяпер відаць былі тут сляды адступлення. Некалькі дзён стаяла неймаверная гарачыня. Людзі, якія ўцякалі ад напасці, што так раптоўна нахлынула, абліваліся потам і крывёю. Іх увесь час бамбілі і абстрэльвалі з самалётаў. Яны ішлі па пыльных дарогах вайны, са скарбамі за плячыма, ішлі на ўсход, не ведаючы, дзе спыняцца і што іх чакае наперадзе.

Абапал дарог гналі жывёлу — кароў і авечак, свіней і коней; стаяў такі пыл, што нельга было дыхнуць. У часе папаскі людзі даілі кароў, частавалі малаком параненых чырвонаармейцаў, здойвалі малако на зямлю. А ў некаторых кароў вымя да таго параспірала, што яны не маглі ісці, адставалі; па дарозе іх даразалі, а то і зусім кідалі.

Свежыя магілы, парваныя правады, паламаныя машыны, забітыя коні і каровы, развернутая дарога — усё гэта гаварыла за тое, што тут прайшло шмат людзей, ратуючыся ад навалы…

хлеб

Гурскi, І. Чужы хлеб : раман-памфлет / Ілья Гурскі. – Мінск : Беларусь, 1971. – 333 с.

Урывак з рамана

Не шукай ты шчасця, долі
На чужым далёкім полі…

Янка Купала

1

Кананада, што даносілася з усходу, з кожным днём набліжалася. Па шасэйных і прасёлкавых дарогах, больш за ўсё ноччу, у беспарадку адступалі гітлераўцы, ці, як яны пісалі, «выраўнівалі лінію фронту». За імі, у абозе, цягнуліся на захад розныя адшчапенцы, здраднікі і правакатары. Беглі таксама і тыя, хто быў падмануты гебельсаўскай прапагандай, быццам Саветы вышлюць у далёкія месцы тых, хто аставаўся ў акупацыі. Яшчэ фашысты гналі савецкіх людзей, галоўным чынам моладзь, у Германію на катаржныя работы.

Станіслава Заліваку разбудзілі выбухі бомбаў на шашы. Усхапіўшыся з ложка, ваяка Беларускай краявой абароны — так званага войска, створанага беларускімі буржуазнымі нацыяналістамі па загаду нямецкіх нацыстаў, — ускінуўшы наапашкі шэра-зялёнага колеру шынель і нават не развітаўшыся з бацькамі, падаўся ў кірунку Варшаўскай шашы. Ужо за вёскай Слабада Станіслаў агледзеўся. Усё наваколле было ў бялявым тумане хмурнай раніцы. Неўзабаве ён пачуў роў самалётаў, а потым сухі трэск кулямётаў. Станіслаў спыніўся, павярнуўся, апошні раз паглядзеў на хаты сваёй вёскі — з комінаў узнімаліся шэрыя дымы — і, спяшаючыся, пайшоў у белы свет.

Ідучы, Станіслаў успомніў Францішка Кушэля, камандзіра «войска» БКА. Кушэль у Пілсудскага служыў капітанам, а ў Гітлера маёрам. Ён перш завабіў хлопца ў СД, а потым у карны батальён па барацьбе з партызанамі. Станіслаў прыгадаў, як яны, каб давесці генеральнаму камісару Беларусі групэнфюрэру СС фон Готбергу, што недарма ядуць чужы хлеб, распраўляліся з мірным насельніцтвам нібы за сувязь з партызанамі. Цяпер Станіславу страшна стала, быццам з-за кожнага куста і купіны выглядалі людзі, хочучы асачыць яго і пакараць. Адчуванне ў Станіслава такое, як у таго ката, што напаскудзіў у хаце, якога могуць носам натаўчы. Не радаваў яго слых звонкі крык івалгі, што даносіўся з лесу. Неўзабаве ўцякач увайшоў у бор, які палохаў яго. Ён крочыў асцярожна. Недалёка застукаў дзяцел, як цясляр на зрубе. Хлопец спыніўся, прыслухаўся, пачуў буркатанне дзікіх галубоў, убачыў, як з кашлатай елкі чорнымі вачыма пазірала на яго вавёрка. Раптам хруснула суччо, і Станіслаў з дарогі адскочыў убок і схаваўся за каржакаватай хвояй.

— Хто-о? — напалохана спытаў ён.

— Не бойся, Залівака, гэта я, Кулік, — пачуўся ў адказ ахрыплы голас.

— Міхась, — паспакайнеў Станіслаў. — Куды?

— На шашу, — выйшаў з-за куста Кулік. — Начальства ўжо даўно ўцякло.

— Значыць, у адну дарогу, — узрадаваўся Станіслаў.

— Не, я толькі паглядзець, што там робіцца. Не можа быць, каб немцы адступалі. Пэўна, адбываецца перагрупоўка.

— Сказаў, — скрывіўся Станіслаў. — Самае сапраўднае адступленне.

— А яны ж збіраліся назаўсёды тут асталявацца, — пачухаў патыліцу Кулік. — Вось і вер ім. Выходзіць, ёсць большая сіла.

Ён у думках вылаяў кіраўнікоў так званага Саюза беларускай моладзі Ганько і Абрамаву. Гэта яны збілі яго з тропу, уцягнулі ў цянёты. Яны ашуквалі яго, а ён ашукваў іншых. Цяпер прыходзілася туляцца, бо боязна глядзець у вочы людзям.

— Чаму такі маркотны, Міхась?

— Ніколі я не думаў, што так абернецца, — прызнаўся Кулік. — Шкада пакідаць той куток, дзе рэзалі пупок.

— Мой куток там, дзе я жыву, — сказаў Станіслаў і ўзяў Міхася пад руку. — Пайшлі!

— Я нават кавалка хлеба не захапіў…

— А ты хіба «бамбіць» развучыўся?!

— Не прыходзілася. — Кулік вагаўся — ісці ці не ісці. — А што будзе, калі я астануся? Ну, засудзяць, пасяджу некалькі год, вызваляць…

— О не, на літасць не спадзявайся, — наступаў Станіслаў. — Колькі ты маладых людзей скіраваў не на тую дарогу… Ты ж здраднік… А за здраду — расстрэл…

Высокая постаць Куліка неяк згорбілася, даўгія рукі яшчэ ніжэй апусціліся. Новы сіні касцюм вісеў на ім, як на калу.

— Праз дурны розум заблытаўся… У вушах звініць голас маці: «Не пакідай мяне… На чужыне і хлеб горкі…»

Вверх