Агняцвет Эдзі
Анатаваны спіс
Агняцвет, Э. Выбраныя творы : у 2 т. / Эдзі Агняцвет ; [прадмова М. Барсток]. – Мінск : Маст. літ., 1976.
Вершы cа зборнікаў
⚹ ⚹ ⚹
Самыя лепшыя лекі
Ад болю, ад лютай хваробы —
Гай, сенажаці, і рэкі,
I лівень сярэбраны, добры.
Я ў вандраванні бываю
I чайкай, і быстраю шхунай.
Зноў я сябе адчуваю
Шчаслівай, прыгожай і юнай.
Калі ўпаду я ў дарозе, —
Сябры мае, чуткам не верце!
Я прыдарожнай бярозай
Устану далёка ад смерці.
⚹ ⚹ ⚹
А я не веру, што мінае лета —
Пара вясёлак, спёкі і грымот.
Я ўсё, нібы зялёная ракета,
Рыхтуюся ў нязведаны палёт.
Я ўсё яшчэ цяплом вясны сагрэта,
Хоць восень ля акна майго бубніць.
У небе непатрачанага лета
Звініць маленькі жаўранак, звініць!
Агняцвет, Э. Хай часцей смяюцца дзеці : вершы, паэмы, пераклады / Эдзі Агняцвет. – Мінск : Юнацтва, 1997. – 221 с.
Вершы са зборнікаў
«Зямля з блакітнымі вачамі»
Зямля з блакітнымі вачамі —
Святло азёр, прастор лугоў!
Тут называюць Васількамі
На Беларусі хлапчукоў.
Звіняць крыніцы, як цымбалы,
Сцяжынкі свецяць у лясах.
Палі, узгоркі, перавалы —
Прасторны шлях, далёкі шлях!
Краіна славы партызанскай,
Краіна міру і даброт!
Ты — наша гордасць,
Наша казка,
Як сонца, добры твой народ.
Твае сыны,
Твае унукі,
Мы любім гул тваіх бароў.
I рэкі цягнуцца, як рукі,
Да чыстых рэк тваіх сяброў.
«Грамацеі»
Саня — першы грамацей,
А за ім ідзе Мацей.
Саня піша:
«Роўна ў восім
На футбол з’евіцьца просім».
— Непісьменная аб’ява,
Класу нашаму — няслава! —
Раззлаваўся грамацей.
Перапісвае Мацей:
«У нідзелю роўна ў восям
На футбол з’явіцца просям».
— І куды вы ўсе глядзелі?
Не «ў нідзелю», а «ў недзелю», —
Хомка — трэці грамацей —
Напісаў яшчэ прасцей.
Цэлы стос паперы чыстай
Сапсавалі футбалісты,
І спацелі як адзін,
Малявалі сто хвілін.
Сто хвіліначак — не жарты!
І калі б запал упарты
Перанесці на ўрок —
Быў бы толк, а не папрок!




