Вера Вярба
Анатаваны спіс
Вярба, В. Выбранае : вершы і паэмы / Вера Вярба. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. – 274 с.
Вершы са зборніка:
⚹ ⚹ ⚹
Усё ў жыцці здаецца проста,
На ўсё вы знойдзеце прычыны.
Як гэта цяжка быць дарослай,
Як гэта цяжка быць жанчынай.
Насустрач плёткам і абразам
Пранесці горда твар прыгожы,
Затое быць з каханым разам,
І ў гэтым толькі шчасце, можа.
А потым старасць, потым восень,
Хаваеш першыя маршчыны.
Хоць уваччу ўсё тая ж просінь,
Ды сэрца ные без прычыны.
Дачка сама адрэжа косы,
І рассказаць ёй немагчыма,
Як будзе цяжка жыць дарослай,
І ў колькі раз цяжэй — жанчынай.
Сакавік
Сакавік, сакавік,
Да бярозы прынік.
Набіраюцца сонца крыніцы.
— Чараўнік, чараўнік,
Не згубі чаравік, —
Запрашаюць у госці сініцы.
Гэта месяц-вястун,
Гэта хлопец-пястун,
Легкадумны і звонкі, як птушка.
Яшчэ ўчора зіма —
Сёння снегу няма,
І ў снягурачкі нос у вяснушках.
Пачынаецца год,
Крыгалом, крыгаход,
Рунь зямлю на світанні свідруе.
І канчаецца сон
Маладых маіх дзён,
Калі сэрца прадвесне пачуе.
Вярба, В. Альфа : паэмы і вершы / Вера Вярба. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. – 96 с.
Снежная горка
(урывак з паэмы)
Вясельны смех і сполах зоркі.
Стрывожана ў вачах застыг.
І я лячу са снежнай горкі
Незразумелая, як міг.
Гары, гары, мой свеце сіні,
Дым залаты над галавой…
Завеі, белыя вяргіні…
I санак бег па кругавой!..
Маіх вачэй дзіцячых промні
Не наталіў вясны агонь.
А я ўсё помню, я ўсё помню:
Кляновым лісцікам — далонь.
Яшчэ зімы ігляцца ковы,
Трашчаць на рэках маразы,
I невядомай песні словы
Пяюць на сонцы палазы.
Лячу і падаю наўдачу
Пад беласнежны крыл узмах.
Як дзічка, змерзну, а не плачу.
Адзіны мой шчаслівы шлях!
Цяпер, сынок, калі бядую,
Нібы крануўшыся ляза,
Са страт усіх, што пашкадую —
Тваёе радасці сляза.
А ты штовечар шэпчаш горка
І просіш слёзна нада мной…
Як счаравала тая горка
Касмічнай трасай ледзяной.
Саджуся ў санкі пад примусам —
Віхурыцца, іскрыцца пух.
Смяешся звонка, я смяюся…
Перабалелы дзень патух.
Мы зноў з табою ва ўспамінах
Свайго аціхлага жыцця.
Яшчэ наперадзе гадзіны
Маленства, шчасця, забыцця,
I непрадбачаная радасць,
I незасмучаны спакой,
I ласка, ціхая спагада
Пад мацярынскаю рукой.
Са снежнай горкі ў яр не збочыш,
Над намі неба зорны дах.
Ад страху ты заплюшчыў вочы —
Які ў дзяцей маленькі страх!
Прыму сустрэчна ветру хвалі,
Крутога часу градабой.
Ляці ж у будучыню далей,
А я — сцяжынкай за табой.
Хай шчокі ззяюць ад марозу
I сонцам шырыцца прасцяг.
Я для тваёй паэмы проза,
Калі ёсць проза у жыцця.
Згасае снег. Згасаюць знічкі.
Адчуўшы подых агнявы,
Я заплятаю дзве касічкі
Вакол вясновай галавы.
Ты дзе бярэш пачатак, доля?
Ад сына праўды не ўтаю.
Дажджы растуць, шумяць над полем,
Дзе я на ростанях стаю…
Вярба, В. Мая маленькая планета : лірыка / Вера Вярба. – Мінск : Маст. літ., 1982. – 143 с. – (Бібліятэка беларуская паэзіі).
Верш са зборніка:
Вам пісьмы пісаць не буду —
Чытайце вершы мае.
На пісьмы не хопіць мужнасці
І часу так не стае.
У пісьмах больш афіцыйнасці,
А значыць, менш пачуцця,
У пісьмах баюся пільнасці,
Старонняга выкрыцця.
Відаць, на вяку адмерана
Каханне маё бядой,
На пісьмы не хопіц вернасці
У мяне, такой маладой.
А вершы лёгка складаюцца
У самы кароткі час,
А вершы ў свет дасылаюцца
Нібыта зусім не для вас.
Дык будзьце ж у строгай важнасці
Да шчырасці ласкавей.
Чакайце, чытайце ўважліва,
Як пісьмы, вершы мае.





