Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Цётка (Алаіза Пашкевіч)

Анатаваны спіс

Творы

Цётка. Выбраныя творы : [для старэйшага школьнага ўзросту] / Цётка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2010. – 198 с. – (Школьная бібліятэка).

Вершы са зборніка

Скрыпка
Чаго словам не сказаці,
Што на сэрцы накіпела,
Астаецца скрыпку ўзяці;
Покі думка рве да неба,
Покі скрыдал не зламалі,
Покі трэба душы хлеба, —
Будуць струны байчэй граці,
Будзе смык вастрэй хадзіці,
Будзе скрыпка паслушнейша.
Ў песні можна пераліці
Ўсё найлепша, наймілейша;
Ў песні можна даць пяруны,
Песняй сэрца рваць на часці;
Крэпкі толькі былі б струны,
Я зайграла бы аб шчасці!
Я зайграла б смехам кветак,
Нівак шэптам залацістых,
Звонам серпа, касы ўлетак,
Мёдам ліп з садоў душыстых.
Я зайграла б песню матак
Над калыскаю дзіцяці.
Ўсе багацтвы з родных хатак
Я хацела б песні даці.
Я на струнах раззваніла б,
Дух народа я абняла б,
Ў жары сэрца растапіла б,
Алтар новы улівала б,
Пры алтары тым я грала б,
Так на струнах галасіла б,
То склікала б, то вітала б,
То суседзяў весяліла б;
То малітвай смык завыў бы,
То закляў бы на пяруны,
То аж скаргай ў неба біў бы,
Толькі крэпкі б былі струны!
Смык гатовы, струны тугі,
Кроў у жылах закіпае.
Ну, слухайце, мілы другі,
Скрыпка мая ужо грае!
Мужыцкая доля
Цяжка жыць, трудзіцца,
Калі няма долі,
Жыта не радзіцца
На мужыцкім полі.

З капы умалоту
Не болей асміны,
I еш за работу
Чорны хлеб з мякіны.

Прыйдзе восень, — трэба
Заплаціць падаткі,
А тут няма хлеба
I грошы няхваткі.

I жыві, як знаеш,
З бяды выручайся,
Калі сілу маеш,
Долі дажыдайся.

Дзе ж ты, мая доля,
Дзе ж ты захавалась,
Без цябе няволя
I бяда засталась.

На руках мазолі,
Дзень і ноч труджуся,
Не маючы долі,
Бедным спаць лажуся.

А устаўшы рана,
Вазьму касу ў рукі
I іду да пана
Касіць яго лукі.

I за сорак грошы
Дзень касой махаю.
Кажуць — пан харошы, —
Далібог, не знаю!

Аканома знаю, —
Ды і як не знаці,
Штодзень спатыкаю
Тут на сенажаці.

Штодзень слухаць трэба,
Як ён лаець брыдка.
Не пражыць без хлеба,
Цярпі, мой Мікітка.

Цярплю, сцяўшы зубы,
I касой махаю,
Сонца сушыць губы,
З смагі паміраю.

А дамоў вярнуся —
Дзе ж тут аддыхаці —
I ізноў бяруся
Касу пакляпаці,

Каб назаўтра рана,
З гостраю касою
Сенажаць у пана
Выкасіць з расою.

Дзе ж ты, мая доля,
Дзе ты, адгукніся!
Тры кветкі
(З украінскай)
Калісь, як выходзіў я з хаты айца,
Тры кветкі ў дарогу узяў для жыцця:
Ад маткі і брата дзве кветкі дастаў,
А трэцю найлепшы мне друг дараваў.

І покі не звянуць тры кветкі мае,
Значыць, што тужаць усе тры па мне.
Хутка прабеглі дні шчасця, пацех —
На слёзы і гора змяніўся мой смех.

Я глянуў на кветкі: аж братня завяла,
Шчырага друга пад плесняй ляжала,
Адна толькі кветка, як сонца, цвіла:
Бо крэпка любіла матуля адна…
Далеч

Цётка. Выбраныя творы / Цётка ; [укл. і прад. В. Коўтун] – Мінск : Беларускі кнігазбор, 2001. – 334 с. : іл. – (Беларускі кнігазбор).

Успаміны з паездкі ў Фінляндыю

У дарозе
(урывак)

У палове сакавіка, перад ад’ездам у Фінляндыю, прыйшлося пабываць у Вільні і Мінску. Нішто: дожджык трусіць, зіма-старушка рушыла з месца, толькі астаткі снегу дзе-нідзе ляжаць па стрэхах. Балотца, праўда, плывае па вуліцах, але не так ужо блага, можна з бяды чакаць лепшага часу — вясны.

А вось селі ў цягнік і праз ноч з Вільні ў Пецярбургу апынуліся. Або… якая страхата! Пекла вірутнае: чалавек чалавека, упоруч ідучы, не бачыць: туман, дождж, імгла нейкая ліпкая, клейкая чалавека абсядаець. Людзі панурыя, згнобленыя, паморшчаныя, як тры дні не еўшы, кудысь ідуць, едуць, спяшаюць.

Хацелі і мы затрымацца — думаем — сталіца: што ні крок, то міністар, сенатар або якая іншая вялікая шышка пад бокам, толькі пальцамі ткнуць, і Гасударсцвенная дума свянцоны хлябок есць; шмат чаго цікавага можна даведацца, пачуць, але куды! Так неяк гэта захмуранае неба, гэты густы мокры туман ды казённыя высокія дамы чалавека пужаюць, гнятуць, што ахвота адпадала надаўжэй затрымацца ў гэткі перадвясновы час.

Ледзь здолелі перавязці клумкі з аднаго вакзала на другі і ўскочыць да вагона.

Едзем у Фінляндыю. Кандуктар ветла (гжэчна) спраўджае білеты. Вагоны чысценькія, меншыя за нашы, толькі вокны непамерна вялікія, а ў іх праз усю велічыню ўстаўлена толькі адна шыба — гэта, каб рамы шмат месца не займалі і каб, як хто едзе ў Фінляндыю, мог як найболей убачыць край і яго людзей.

Цягнік бяжыць крыху барзджэй, як у Расеі. На станцыях затрымліваецца карацей.

У вагоне едзе колькі фінаў мужчын і адна жонка з дзецьмі. Усе светла-русыя, вочы сінія, нізкі лоб, куксаваты твар, здаровыя. Цікавасць, ці ўсе фіны такія? Кабета выйшла з вагона вады ўзяць, дзіцянятка пачало плакаць, мужчыны ўсе цопнуліся дзіця забаўляць, адзін нават узяў на рукі.

Пэўна, фіны дзяцей любяць; у нас так пасажыры не дбаюць аб чужых дзецях.

На станцыях стаіць шмат звожчыкаў, коні ўсе невялічкія, каштанаватыя, санкі маляваныя розна, малыя, пекныя, вазніцы адзеты ў шэрыя самадзялковыя марынаркі і порткі, на галовах шапкі баранковыя, пацягненыя шэрым сукном, з вушамі, з патыліцы — цёплы брыль і спераду брыль, агулам кажучы, шапка выглядае, як каптур.

Зіма цвёрдая, снегу многа, кажуць — па Вялікадні за тыдні два зіма толькі рушыць. Во як позна: у нас ужо цяпер на прагалачках трава зелянее. Мы чулі, што ў Фінляндыі цяпер найлепшы час для тых, хто хоча адпачыць або палячыцца, бо прымаразкі яшчэ стаяць, а слонка ўжо свеціць, цёпла, паветра здаровае і спакойна старонка. Праўда, праз вокны вагона па Пецярбурзе Фінляндыя нам выдаецца, як іншы нейкі свет. Снег — беленькі ўсё пакрывае, слонка па ім густымі праменнямі коўзаецца: лес і лес, як вокам сягнуць.

Даліны з горкамі пераменьваюцца, скалы вісяць, а раўніна замерзлых азёраў вылынае.

Трэба ведаць, што Фінляндыя — гэта старонка лясоў, азёр і скалаў. На адной станцыі цягнік затрымаўся на некалькі часін, каб у буфеце, калі хто хоча, закусіў. Высыпаліся і мы з вагона. Станцыя вельмі чыстая. Два сталы пекна накрыты, застаўлены ядой, якую толькі здумаць: там і мяса, і рыба, яйкі, сыры розных гатункаў, малако, гарбата, квас, піва. Як толькі падходзіш да стала, мусіш заплаціць марку, фінскую манету вартасці 38 капеек. Пасля, калі хочаш, еш, колькі душа прымае, а не — крошку палажы на зуб — плата аднолькава: там жыватоў людскіх не мераюць; такі звычай укараніўся пэўна дзеля таго, што ніхто з фінаў не мае ў натуры сваёй, каб карыстаць болей за тое, чым плаце. Фіна не трэба пільнаваць, ён сам у сябе стаіць на стражы. Дзеля таго на станцыі фіны ядуць паволі, не спяшаючыся, як у сябе ў хаце за сталом.

Але было некалькі расейцаў, дык тыя завіхаліся каля яды, ажно папацелі. Аб сабе трудна сказаць: лепш відна збоку, аднак мушу прызнаца, што добра-такі пасіленай вярнулася ў вагон, ажно цяпло па жылах разышлося, весялей стала: усе закускі былі вельмі смачныя…

Прыехалі да горада Віпуры, па-расейску Выбарг, гэта найбліжэйшы вялікі горад у Фінляндыі ад Пецярбурга. Не затрымываемся ў Віпуры — адкладаем гэта на пасля — з паваротам, бо цяпер маем яшчэ праехаць колькі станцыяў, а адтуль фурманкай да аднаго гаспадара ў нейкую вёску Лотала. Да аднаго тамтэйшага гаспадара далі нам адрас — казалі, танна бярэ, яда гаспадарская, добрая, здаровая, так што можна адпачыць і паправіцца, а разам з тым прыгледзецца да вясковага ў фінаў жыцця…

Дні

Цётка. Вершы і апавяданні / Цётка ; [прадмова С. Х. Александровіча]. – Мінск : Юнацтва, 1990. – 108 с. : іл. – (Паэтычная бібліятэка).

Апавяданні са зборніка

«Журавель і Чапля»

Жылі сабе па абодвух канцах балота Журавель і Чапля. После стала ім надта маркотна жыць, і вот уздумаў Журавель да Чаплі ў сваты ісці. Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху, цераз бор ды ў Чапляў двор.

— Як маешся, Чапля?

— Здароў, Журавель.

— Ці не пойдзеш, Чапля, за мяне замуж?

— А твае ногі доўгі, пер’е каротка; дужа ты брыдкі… Ідзі сабе, дзе быў!

Журавель перабраўся ізноў цераз балота дый прыйшоў у свой двор. Раздумалася Чапля, што за Жураўля замуж не пайшла. «Дай, — кажа, — пайду да яго і перапрашу».

Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху, цераз бор ды ў Жураўлёў двор

.

— Здароў, Журавель!

— Як маешся, Чапля?

— Вазьмі мяне замуж за сябе.

— Твая шыя доўгая, і сіня, і крывая, і сама ты гарбата; такой мне не патрэбна.

Хаця было і стыдна, аднак Чапля паплялася цераз бор назад у свой двор.

Шкода стала Жураўлю, што не ўзяў Чаплю бедную, і зноў пайшоў ён тою самаю дарогаю. Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху…

Так цэлы век свой і хадзілі яны адзін да аднаго ў сваты, і так на абодвух канцах балота асталіся іх хаты.

«Гутарка асота з крапівою»

— Што ты патыкаўся са мною? — крычала крапіва асоту: — Ці я табе раўня? Нічога ты не робіш; ніхто цябе не знае; ветраеш недзе ў полі сярод аўсоў. Вот я так увіхаюся; таго крапіва пацалуе, хто крапіву згатуе. Кожны крапіву знае, кожны спамінае, на кожным падворку расту я. Глядзь! ужо аж да прызбаў падпаўзла.

— Як жа, — адазваўся стары асот, — я расту далей, бачаць мяне людзі радзей, але мусіць мае шпількі дык даўжэй помняць ад крапіўкі. Якраз на той час падслухала іх гутарку малая Марута і кажаць:

— Не хваліцеся: абое вы рабое! Матулька казала, што вас абодвух з карэннем выдзярэ.

Вверх