Канстанцін Тарасаў
Анатаваны спіс
Тарасаў, К. Памяць пра легенды : постаці беларускай мінуўшчыны / Кастусь Тарасаў. – 2-е выд., дап. – Мінск : Полымя, 1994. – 270 с. : іл.
«Рагваложи внуци» (урыўкі)
…Сярод Рагвалодавых унукаў у XII стагоддзі вылучаецца нашая першая асветніца Ефрасіння Полацкая. Унучка Усяслава, яна пераняла ад дзеда вялікі духоўны запал. Прычыны, з якіх князёўна пайшла ў манастыр, застаюцца невядомымі. Магчыма, гэта здарылася тады, калі бацьку і маці вывезлі ў Візантыю. Праўда, выпадак, як на той час, беспрэцэдэнтным не назавеш — ігуменняй манастыра, дзе прыняла пострыг Ефрасіння, была яе родная цётка. Сям’я, у якой Ефрасіння ўзрасла, глыбокай рэлігійнасцю не вызначалася. Дастаткова прыгадаць, што яе бацька больш вядомы сваім язычніцкім імем Святаслаў, чым хрысціянскім Георгій. Тое ж можна сказаць пра брата Святаслава, заснавальніка Барысава, князя Барыса, які не менш вядомы пад язычніцкім імем Рагвалод. Не захавалася ў памяці народа хрысціянскае імя самога Усяслава, хоць яно, безумоўна, было нададзена князю пры хрышчэнні. Прыроджаная духоўнасць Прадславы (так звалі Ефрасінню ў людскім жыцці) магла знайсці праяву толькі на ніве рэлігійна-асветніцкай дзейнасці. Пачатак свайго манаскага жыцця Ефрасіння правяла ў келлі Сафійскага сабора, дзе займалася перапіскай царкоўных кніг. Гэтая праца патрабавала не толькі веры і цярплівасці, абавязковай умовай лічыліся пэўныя мастацкія здольнасці, бо перапісваліся творы ўставам, калі кожная літара па сутнасці вымалёўвалася. 3 ініцыятывы і фундацыі Ефрасінні была пабудавана царква Спаса — унікальны помнік мураванага дойлідства Беларусі. На хорах яе знаходзіліся невялічкія келлі — галубніцы; паводле падання, яны служылі прытулкам для Ефрасінні і яе сястры. Мяркуецца, што там манашка пісала полацкі летапіс…
…З імем Ефрасінні звязаны крыж, зроблены па яе заказу ў 1161 годзе полацкім майстрам Лазарам Богшам. Крыж паўмятровы, з кіпарысавага дрэва, абодва бокі яго абкладзены залатымі пласцінамі, аздобленымі перагародчатымі эмалямі з выявамі Хрыста, Іаана Прадцечы, Маці Боскай, апосталаў Пятра і Паўла, архангелаў Гаўрыіла і Міхаіла. Унізе крыжа — выявы святых Ефрасінні, Сафіі і Георгія. Пад залатымі пласцінамі (у «целе» крыжа) захаваны першазначныя хрысціянскія рэліквіі — кроў Хрыста, што засталася на распяцці, частка ад каменнай труны Багародзіцы, кавалачак ад камяня з труны Ісуса, мошчы св. Стэфана I, св. Панцеляймона, кроў св. Дзмітрыя. Вось гэтыя рэліквіі надавалі крыжу, па разуменні веруючых, тую цудадзейную, дараваную Богам сілу, якая прыводзіла да яго з малітвай і просьбамі сотні тысяч людзей…
…Крыж Ефрасінні не толькі ўнікальны твор ювелірнага мастацтва, ён мае і поўную прыгод гісторыю. Пад час войнаў Полацка са Смаленскам смаляне вывезлі яго да сябе, адтуль ён трапіў у Маскву. У гады Лівонскай вайны Іван Грозны, ідучы паходам на Полацк, даў абяцанне, што калі адолее Полацк, дык пакладзе крыж на яго спрадвечнае месца ў царкве Спаса. Маскоўскае войска ўзяло горад штурмам, Грозны стрымаў слова — крыж вярнуўся туды, дзе быў пры жыцці Ефрасінні. Недзе на пачатку 20-ых гадоў нашага стагоддзя крыж як нацыянальны скарб аднялі ў царквы, і ён апынуўся сярод экспанатаў царкоўна-археалагічнага музея (тады знаходзіўся ў тым прыгожым будынку, што стаіць зараз побач з Домам афіцэраў у Менску). Гэта не перашкодзіла павазе да крыжа сярод веруючых, яны сталі хадзіць у музей, як у царкву. 3 той прычыны яго перавезлі ў Магілёўскі краязнаўчы музей, дзе ўзялі пад шкло. Але і такая мера не паменшыла крыжу папулярнасці. Тады яго схавалі ў сутарэннях магілёўскага банка. I ужо адсюль ён у гады вайны ці яшчэ да яе таямнічым чынам знік. Ёсць звесткі, што крыж нібыта знаходзіцца ў Амерыцы ў прыватнай калекцыі. Ці вернецца гэты мастацкі скарб на радзіму - пакуль што ніхто не ведае, застаецца пра гэта марыць…
Тарасаў, К. Тры жыцці княгіні Рагнеды : аповесць ; Пагоня на Грунвальд : гістарычны раман / Кастусь Тарасаў. – Мінск : Вышэйшая школа, 1997. – 447 с. : іл. – (Школьная бібліятэка).
Урывак з аповесці
«Тры жыцці княгіні рагнеды»
Жыццё першае
Восенню ў барвовую пару, калі загудзелі полацкія двары шматдзённымі вяселлямі, прыйшла і да Рагнеды падманлівая Мара, адымаючы спакой нявінных сноў. У адну ноч свет раздвоіўся на жаночае і мужчынскае, і адчула Рагнеда, якая сіла зводзіць гэтыя пачаткі. Раптам пачалі прыпякаць учэпістыя позіркі сустрэчных хлопцаў: ацэньвалі яны мужчынскім вокам прывабнасць князёўны, і яна скурай адчувала таямніцу іхнай увагі. Раптоўна ўзнік у снах таемны вобраз — грудзі сціскала салодкая боязь, гарачымі кругамі бегла па целе кроў, калі з’яўляўся светлы юнак і браў за руку, і прытуляў да шырокіх грудзей, дзе пад белай кашуляй білася моцнае з уладарнай сілай сэрца. Шапталі яго губы нейкія загадкавыя словы, і самое варушэнне ягоных губ было жаданае. Удзень гарачкавае хваляванне крыху прыгасала, твар незнаёмца цьмяна бачыўся на святле, і начныя сустрэчы ператвараліся ў таемную мару пра прыезд сватоў, розгляды, прыбыццё жаніха і вясельны поезд, з якім яна панясецца да бясконцых гадоў шчасця.
Прыцемкамі, калі Рагнеда сядзела разам з маці пры кудзеллі, а каля бацькі садзіліся браты Усяслаў і Брачыслаў, і збіраліся ў нагрэтую хату матчыны і бацькавы людзі, марылася Рагнедзе пад ціхае журчанне верацяна пра свае такія ж пакоі, чуўся скрозь голас бацькі, які забаўляў маці вясёлым ці журботным аповядам, голас свайго суджанага, ласкавы голас клопату, і прасякала яе нецярплівасць любові… Прыйшоў час: Рагнеда жадала адгадаць галоўныя загадкі жыцця…
Пасля Калядаў у колкі марозны дзень прымчаў на запененым кані стражнік з блізкай заставы і прывёз князю Рагвалоду перададзеную па ланцугу вестку, што едуць людзі Яраполка і хутка прыбудуць. Хваляванне ахапіла полацкі дзяцінец, а з яго панеслася пагалоска па ўсіх гарадскіх дварах. Бабы сходзіліся і гадалі, колькі пасагу павязе з сабой князёўна ў далёкі Кіеў і каго з дзевак выбера княгіня ў дружкі сваёй дачцэ на вяселле, а прызнаныя пяюхі ўжо бачылі сябе на будучым свяце на чале карагодаў, што праводзяць нявесту ў лазню і з лазні, і на жаласных спевах дзявочніка, і ў вясёлай грамадзе ля вясельнага стала, а разважлівыя мужыкі меркавалі пра карысць, якую дасць Полацку гэты саюз, бо ўсе карагоды і спевы, і кубельцы з дабром, што займаюць кароткі бабскі розум, нічога не вартыя, а мае важкасць на княжацкім вяселлі адзінае — умовы, на якіх князь Рагвалод пагодзіцца аддаць на ўцеху Яраполку сваю дачку.
Так, умовы… Адказная настала хвіліна, вырашалася будучыня на многія гады, і сышліся ў княскі дом блізкія Рагвалоду баяры абмеркаваць, чаго пажадае Кіеў для сваёй выгады, на чым трымацца для карысці Полацка, дзе зарубіць Полацка-Кіеўскія межы, чыімі будуць волакі паміж Дзвіной і Дняпром. Яраполку, казалі баяры, вялікай веры даваць нельга; гэта зараз ён лагодны, пакуль церпіць няпросты час — са стэпу печанегі падціскаюць, хазары не трымаюцца мяжы, Уладзімір з наўгародцамі гэтаксама не пустая пагроза. Зразумела, нашто Яраполку Рагнеда, — паўстае паміж Кіевам і Полацкам трывалы мір. Аднак і нам карысны роўны саюз: мага іншыя важныя справы зрабіць — умацавацца на Прыпяці, пасунуць полацкія прыгарады на літоўскіх землях і ўніз па Дзвіне…
Сядзелі сталыя баяры, параўноўвалі магчымае з лепшым, і калі б сказала ім Рагнеда пра свае турботы: ці прыгожы Яраполк, якога ён росту, якія ў яго вочы, да чаго прызвычаены, — пасмяяліся б яны ёй у вочы. Не дачыняюцца да ейнага замужжа ягоныя прыгажосць і характар. Няхай ён да ваўка падобны, гэты кіеўскі Яраполк, — усё роўна аддадуць яму Рагнеду. Калі будзе яна з Яраполкам - дарма тое прыйдзе, што зброяй цяжка ўзяць. Цяпер пра Рагнеду адзіны клопат — замкнуць у хаце і берагчы ад псоты, сурокаў, ліхой рукі. Столькі можа выгадаць Полацк на княскай дачцэ, што ўсё войска полацкіх зямель таго не здабудзе…
Як сустрэлі сватоў, як іх прымалі, не бачыла Рагнеда, седзячы з бабамі і дзеўкамі пад наглядам. Часам заходзіла маці, абдымала Рагнеду і прыплаквала: што чакае князёўну ў далёкім тым Кіеве? Добра, спадабаецца яна Яраполку, а калі не палюбіцца — ці лёгка нуду і адзіноту цярпець? Адно — жыццё дзявочае, іншае — за мужам, нездарма і новае імя абірае сабе жонка. Заканчваецца адно жыццё на дзявочніку, пачынаецца другое ранкам пасля вяселля…
Тарасаў, К. Беларусь : гістарычнае падарожжа для дзяцей / Кастусь Тарасаў. – Мінск : Лекцыя ; Бацькаўшчына, 2000. – 112 с. : іл.





