Іван Сяркоў
Анатаваны спіс
Сяркоў, І. Мы з Санькам… : аповесці / Іван Сяркоў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2015. – 477 с.
Радасны выспятак
Урывак з аповесці «Мы з Санькам у тыле ворага»
«Зіма лягла дружна. 3 вечара клаліся спаць — на дварэ была чорная, мерзлая зямля, чорныя стрэхі, голыя, панурыя вербы, а раніцой усталі — нават у хаце святлей, чым заўсёды. Ноччу выпаў снег. Мы з Глыжкам устыкнулі на босую нагу буркі і без шапак і світак выбеглі на вуліцу. Ну і прыгажосць жа навокал! Белым абрусам пакрыты двары, вуліцы і агароды, кудлатымі лапамі абвіслі пад цяжарам снегу галіны вербаў. А паветра, як морс, — так і піў бы бясконца. Мы былі вельмі рады снегу. Глыжка нават з’еў яго трошкі. Шкада, што не салодкі.
Пачатак зімы — заўсёды радасны для нас, хлапчукоў, час. Хоць ідзе вайна, а пакатацца на санках з гары хочацца. I мы цэлымі днямі стынем цяпер на вуліцы, цягаем на гару санкі.
Тут пачуеш розныя хлапчукоўскія навіны. Вось стаіць Міцька Малах, паспускаў доўгія рукавы зашмальцаванай, дзіравай матчынай ватоўкі і ківае галавой нам з Санькам. Мы цягнем на гару Глыжку, які ў бабулінай хустцы, завязанай па самыя вочы, рассеўся на санках, нібы капа. Старыя, стаптаныя буркі яму ледзь не па пояс — ног не сагнеш.
— Дайце з’ехаць пяць разоў, — просіць Міцька, — штосьці скажу.
— Нічога ты не скажаш, Мангол, — сумняваецца Санька і прыўзнімае чырвонай, як гусіная лапа, рукой бацькаву шапку з вачэй.
Міцька божыцца страшэннай бажбой і, азірнуўшыся чамусьці па баках, паўшэптам паведамляе:
— У Стараселлі партызаны былі…
— Брэшаш! — не паверылі мы з Санькам.
— Каб я праваліўся, — клянецца Міцька, — Мая маці туды ўчора хадзіла да цёткі. Ёй цётка расказвала. Ноччу прыйшлі, старасту забралі і ўсіх паліцэйскіх. Толькі адзін уцёк. Ну і расстралялі іх…
— Каго? Партызан? — не зразумеў Санька.
Міцька глянуў на яго з пагардай і нават цыркнуў слінай скрозь зубы.
— Дурань ты. Паліцэйскіх расстралялі…
— Можа, і да нас прыйдуць? — спытаў я ў Міцькі. Чамусьці думалася, што ён і пра гэта ведае.
Міцька пастаяў, падумаў, капнуў пятой пару разоў снег і ўпэўнена сказаў:
— Не. У нас горад пад бокам, а лес далёка.
Пра партызан іншы раз можна пачуць і ад дарослых.
Да нас часта вечарамі прыходзяць жанчыны: Скачыха, баба Гапа, цётка Марына. Гэта каб маці весялей было. Сядуць яны каля яе ложка і пачынаюць ціха свае бясконцыя размовы.
— Такі кісель атрымліваецца з буракоў, такі кісель, што не трэба і твой цукар, — цмокае губамі ад задавальнення Скачыха. – Закваскі нанач у іх пакладзеш і ў печ, а раніцой…
Пагавораць пра кісель.
А потым цётка Марына пачынае скардзіцца:
— Мой зусім з глузду з’ехаў, здзяцініўся. Прыцягнуў дамоў нейкую скрыню і ў салому схаваў. Адчыніла я, а там — Госпадзі, Божа літасцівы — гэтыя во… як іх… ну, што хлопцу з пасёлка руку адарвала…
— Гранаты, — падказваю я з печы, але на мяне не звяртаюць увагі.
— Куды ты, кажу я яму, хваробу гэтую прынёс. Дзеці ж у хаце. А ён — не суй, кажа, носа не ў сваё проса. Рыбу глушыць буду…
I тут баба Гапа ў размову ўвязваецца.
— А ці чулі вы, мае дзяўчаткі, што ў Чысталужжы было. Пайшоў мой брацельнік у лес ламачча якога назбіраць, бо паліць жа людзям нечага, а там сустракаюць яго двое з ружжамі. Ну, мой брацельнік ужо і Богу памаліўся… А яны толькі спыталі, хто ёсць у сяле. Тытунь, праўда, забралі… Ды сказалі, каб язык прыкусіў…
— Ай-я-яй-я-яй, — уздыхае чамусьці Скачыха.
Ці ёй шкада таго тытуню, ці так чаго — не ведаю.
Але ходзяць па сялу і іншыя чуткі: немцы Маскву забралі. Пра гэта Няўмыка на кожным рагу менціць:
— Усё цяпер. Амба. Масква цяпер наша.
Толькі людзі гавораць рознае. Адны вераць, другія не вераць. Дзед Мірон, калі мы з Санькам яму паведамілі пра Няўмыкавы прамовы, чамусьці на нас раззлаваўся. Глянуў з—пад броваў, як з—пад стрэх, усадзіў сякеру ў калодку, выцер спацелы лоб і спытаў:
— Вы што, хлопцы? У Няўмыкі памочнікамі? Сабака брэша, а вы па сялу разносіце. Не можа таго быць!
Дзядзька Захар ходзіць хмара хмарай. Паткнуліся мы да яго са сваімі роспытамі, а ён як гыркне:
— Адкуль я ведаю? Адчапіцеся, смаркачы! I паскакаў з вядром да калодзежа.
На шашы мы сустрэлі трох немцаў. Ідуць яны, цокаюць каванымі абцасамі па каменні і весела гергечуць.
Тут Санька асмеліўся і здалёк крыкнуў:
— Пан, Масква капут?
Немцы спыніліся, змералі нас вачыма з ног да галавы і заржалі:
— Я-я! Москаў капут!
На другі дзень з самай раніцы ўвальваецца да нас у хату яшчэ адзін фашыст.
— Матка, яйкі. Москаў капут!
— Якія табе яйкі—хварабайкі зімой? — адказала яму бабуля. Калі ён выйшаў з хаты, буркнула:
— Бач, чэрці, раскапуткаліся…
Мінуў тыдзень ці два. I вось аднойчы прыбягае да нас Санька, радасны, усхваляваны. Не паспеў дзверы зачыніць, як адразу пахваліўся:
— Мне немец выспятка даў!
Бабуля засмяялася.
— Во, шчасце табе, мой хлопец, падваліла. I як гэта табе толькі ўдалося?
Санька абмятае ад снегу ногі і расказвае з пятага на дзясятае:
— Яны ў нас жывуць пяты дзень. Кожны дзень я ў іх пытаў: пан, Масква капут? Капут, кажуць, капут… А сёння раніцой я зноў: пан, Масква… А ён мне выспятка як дасць! Аж я аб ступу лбом! Во! — I Санька, сцягнуўшы шапку з галавы, паказаў гуз, — Памацай! — сказаў ён.
Я памацаў, гуз быў вялікі і цвёрды.
— Дык чаму ж гэта ён, ірад? — здзівілася бабуля.
— Таму, — шматзначна адказаў Санька.
Цэлы тыдзень усім хваліўся мой сябар нямецкім выспяткам. А тым, хто не верыў, дазваляў памацаць гуз. Дарослыя смяяліся. Скок цяпер не гыркаў на нас, а доўга распытваў, як яно было, і потым пляснуў у далоні:
— А мой жа ты татка, во і пачалося… А яны думалі… Пахваліўся Санька сваім гузам і дзеду Мірону. Дзед таксама смяяўся, аж слёзы на вачах з’явіліся.
— Мабыць, ім пад Масквой далі выспятка, — сказаў ён, уволю нарагатаўшыся.
— Немец, напэўна, падумаў, што я дражнюся, — радаваўся Санька сваёй удачы».



