Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Іван Стадольнік

Анатаваны спіс

Лістапад

Стадольнік, І. Лістапад на пачатку лета : аповесць, апавяданні / Іван Стадольнік. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. – 344 с. : іл.

Урывак з аповесці

Сёння яму зноў прыснілася Аксана: не то яна сама заявілася да яго, не то ён да яе, ці так дзе сустрэліся выпадкова — не ў памяці. Запамяталася толькі ружовае і зыркае святло наўкола. Ружовымі былі і хаты, і дрэвы, і неба, і сама Аксана. Маладая, прыгожая, якой ён яшчэ ні разу і не бачыў. I яму было незвычайна хораша і радасна. Але як толькі яны памкнуліся адзін да аднаго, адразу прачнуўся.

Чамусьці вось так заўсёды: як толькі сасніцца Аксана, ён прачынаецца ў самы радасны момант, нібыта будзіць яго наўмысна нейкі злоснік.

А сніцца яму Аксана заўсёды добра, і абавязкова сустракаюцца яны недзе неспадзеўкі. I абавязкова тады ўсё навокал прыгожае, яркае, і абавязкова ідуць яны адзін аднаму насустрач невядома адкуль. Ідуць так хутка, што ажно пачынае кружыцца галава. Але, як толькі прыблізяцца, каб працягнуць адзін да аднаго рукі, раптоўна ўсё знікае, нібы рвецца стужка ў кіно.

Звычайна Аксана сніцца яму пад раніцу, калі самы сон, але ўжо ён так і не здолее нават звесці вачэй і ўвесь час знаходзіцца нібы ў паўсне. А думкі тады ў яго адны — пра Аксану, нейкія незвычайныя, летуценныя, усцешныя. I ўжо ў той дзень і потым на душы ў яго бывае добра, лёгка, як усё роўна падсветлена нейкім дзівосным святлом. Потым паступова, у будзённых клопатах забываецца і сон, і сама Аксана, быццам нічога такога і не снілася. Так пралятае і месяц, і паўгода, і год. Ды потым зноў, без дай прычыны, сама па сабе находзіць на яго незразумелая туга — дакучліва шчымлівая. I тады зноў прыходзіць у сны Аксана — загадкавая i далёкая, неадчувальная, як сонечны зайчык, каб потым гэтак жа раптоўна і лёгка знікнуць, кануць у нябыт, аж пакуль зноў не зможацца, не стоміцца душа ў той жа ціхай і беспрычыннай тузе.

Валянціну Палікарпавічу раптам здалося, што сон не прападаў, а толькі наступіла нейкая паўза ў ім, і таму ён баяўся ўздыхнуць, паварушыцца, каб не прагнаць, не спудзіць гэты жаданы, радасны сон, які, здавалася, быў дзесьці побач, і толькі затаіўся на якое імгненне, каб даць адчуць балючую патрэбу ў ім.

І ён цалкам аддаўся салодкай надзеі дасніць сон: аж да болю заплюшчваў вочы, то расслабляўся ўвесь, нічога не думаў, затойваў дыханне, як прападаў у забыццё. Але ад усяго гэтага толькі пракочвалася на целу лёгкая казытлівая хваля, як бывае, калі катаешся на каруселях ці гушкаеся на арэлях, аж абмірала сэрца, па спіне бегалі мурашкі. I калі ён быў сабраў ужо ўсю сваю волю, гэтая хваля нахлынула на яго з яшчэ большай сілай, што ажно зайшлося, знямела сэрца. І ён ужо быў не рады свайму сну і намеру дасніць яго. Астыўшы крыху ад узрушанасці, робячы выгляд, што толькі прачнуўся, павярнуўся на правы бок i адразу пачуў шэпт жонкі:

— Табе дрэнна, Валя?

Але ен нічога не адказаў, зрабіў выгляд, што спіць, толькі крыху крануўся, прытворна замычаў і стаў дыхаць яшчэ раўней і спакайней, як упаўшы ў глыбокі сон. Але жонка сваім нейкім, відаць, адной ёй вядомым, чуццём угадала, што сну ў яго ані ў воку.

— Стагнаў ты, Валя. Мусіць, сон дрэнны прысніўся?

— Што? Сон? Які? — ужо зусім усхапіўся Валянцін. — I гаварыў, можа, што?

— Не, не гаварыў. Стагнаў толькі, уздрыгваў.

— Можа, крыху сэрца трывожыла, — уздыхнуў, спакайнеючы, ён.

I Святлана аберуч абхапіла яго за шыю, і, прыклаўшы, прытуліўшы вуха да грудзей, прыслухалася, ён здрыгануўся ад казытання яе валасоў.

— Так і ёсць — экстрасісталія з мігаючай арытміяй уперамешку, — зусім сур’ёзна сказала яна, падрабляючыся пад яго, доктара, і ўжо сур’ёзна параіла: — А ты не смейся, і праўда табе, відаць, нездаровіцца, Валік.

— Дурніца!.. — асцярожна, як нешта кволае, абняў ён жонку. — Калі ты побач, дык як жа быць яму спакойнаму, сэрцу.

Гэты жарт атрымаўся ў яго няскладны і да смешнага няшчыры. На сэрцы і праўда ўсё яшчэ было неспакойна, пачынала насцярожваць думка: можа, і праўда гаварыў што ў сне і пачула жонка. Ён жа ніколі нічога не казаў пра Аксану.

Стараючыся неяк заглушыць сваю душэўную трывогу, асцярожна сабраў з жончыных шчок завіткі валасоў, адвёў, загарнуў назад, на плечы. I раптам упершыню за ўсе гады сумеснага жыцця ён адчуў, што яны не такія ўжо і мяккія, як яму ўвесь час здавалася, а добра-ткі шарсткавыя. I тут жа нагадалася прыкмета, у якую верыла яго маці: калі ў чалавека валасы шорсткія, то ён абавязкова будзе злосны, жорсткі. Толькі да Святланы гэта прыкмета ніяк не стасавалася, не праўдзіла.

Такое маленькае нечаканае адкрыццё яшчэ больш расслабіла, расчуліла яго, абудзіла ў ім далікатную пяшчоту да жонкі. Яму раптам падумалася, што з Аксанай у яго не магло быць усё так звычайна і проста, як са Святланай…

Голубь

Стадольнік, І. Небяспечная знаходка : апавяданні / Іван Стадольнік. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. – 39 с. : іл.

«Як Андрэйка галубоў памірыў»

Дзьмуў халодны асенні вецер. На пероне людзей было мала. Андрэйкаў тата размаўляў са знаёмым мужчынам. А сам Андрэйка з цікавасцю назіраў за галубамі, якія снавалі каля лаўкі, пераляталі з месца на месца.

Два галубы пачалі раптам біцца, не падзяліўшы знаходку — жаўтаватую скурку ад каўбасы. Нарэшце аднаму з іх, мабыць, надакучыла гэтая валтузня, і ён, адляцеўшы ад лаўкі, сеў на шэрую ад сухой травы клумбу.

Пераможца голуб зашчаміў у дзюбцы скурку, пакруціў галоўкай і паглядзеў на Андрэйку — сведку іхняй бойкі. Потым, нібыта прысаромлены хлопчыкам, паляцеў да клумбы. Сеў побач са сваім сапернікам і паклаў перад ім каўбасную скурку. Але той нават і не глянуў на яе, такую апетытную і жаданую колькі хвілін назад. Відаць, вельмі пакрыўдзіўся.

Андрэйку захацелася памірыць галубоў. Нейкі час думаў, як гэта зрабіць. I сцяміў нарэшце: пэўна ж, іх зблізіць ягоны пачастунак. Дастаў з торбы батон, адламаў акрайчык. Пакамячыў у жмені, падышоў бліжэй да галубоў.

Птушкі паднялі галоўкі, насцярожыліся, але не спужаліся, не разляцеліся ў розныя бакі. Андрэйка яшчэ раз, ужо мацней, пакамячыў батон і не кінуў, а паклаў асцярожна на зямлю, каля сваіх ног. Адышоўся, зноў сеў на лаўку.

Бацька ўсё яшчэ размаўляў са знаёмым. Можа, і не бачыў, як адлучаўся Андрэйка. А галубы тым часам пачалі спорна дзяўбці духмяныя кавалачкі батона. Здзяўбаўшы ўсё, нешта завуркаталі на сваёй птушынай мове, нібыта падзякавалі Андрэйку за пачастунак. Узмахнулі крыламі і разам, ледзь не ў абдымку, паляцелі ў недалёкі скверык.

Вверх