Пашкоў Генадзь
Анатаваны спіс
Пашкоў, Г. Будзень як свята : нарысы / Генадзь Пашкоў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1977. – 124 с. – (Рэспубліка, час, людзі).
Кнігу складаюць два нарысы.
«За восеньскай Лошыцай» — пра рабочых Мінскага камбіната будаўнічых матэрыялаў. Галоўны герой — цікавы чалавек, заслужаны будаўнік Беларусі, ветэран вайны і працы.
«На перавале» — пра будоўлю шыннага камбіната ў Бабруйску.
Пашкоў, Г. Вясёлыя канікулы : апавяданні і вершы / Генадзь Пашкоў. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2016. – 95 с. : іл. – (Сучасныя пісьменнікі – дзецям).
Легенды старога дуба
Дзівяцца Максім і Лёша: хто гэта пад кожным дубам па камені паклаў? Ды не проста па камені, а па сапраўдным валуне. Такія глыбы не асіліць аднаму чалавеку! I ўдвух, і ўтрох не асіліць таксама… Што гэта за асілак пашчыраваў на Лысагор’і?
Самы вялізны і самы маляўнічы валун грэецца на сонцы каля бліжэйшага да лецішча дуба. Камень плоскі, шырокі, як хто высек яго з волатаўскай каменнай глыбы. Такіх, як Максім з Лёшам, дзесятка паўтара можа на ім размясціцца.
Вось і сядзяць хлопцы на цёплым плескачы. Жмурацца на сонцы. Дуб таўшчэзны, колькі трэба хлопцаў, каб абняць яго!
Знізу ствол дрэва ў адным месцы прысмалены. Чарнее абвугленая сэрцавіна. Дзядуля казаў, што гэта маланка нашкодзіла. Не любіць яна вольных і гордых дубоў. Усё спрабуе падпарадкаваць вогненным, грымотным бізуном. А дубы не здаюцца. Стаяць сабе на варце колішніх межаў. Шумяць задумліва ўлетку калянымі лістамі. Няспешна бавяць легенды былінных часоў.
…За бліжнім лесам, калі паехаць шашэйнай дарогай, зусім недалёка адсюль, размясціўся на пагорках старажытны беларускі горад Заслаў’е. Назва гэта мае таксама гістарычнае паходжанне.
Некалі жыла тут непакорлівая, мудрая і казачна прыгожая князёўна. Называлі яе Рагнедай. Тутэйшы народ лічыў яе нябеснай заступніцай усяе Белай Русі. Дачка Полацкага князя Рагвалода, прыгажуня Рагнеда была сілай узятая наўгародскім князем Уладзімірам у жонкі.
Гордая Рагнеда не магла дараваць гэтакага зняслаўя. Ішлі гады, а душэўны боль не сціхаў у грудзях князёўны. Аднойчы Рагнеда намерылася адпомсціць князю Уладзіміру і за сябе, і за сваю паняволеную зямлю. У той час Уладзімір быў ужо кіеўскім князем. Але той разгадаў помслівы намер і не даў Рагнедзе яго здзейсніць. Больш таго, княгіню прысудзілі да смяротнага пакарання. Тады на аборону маці са зброяй у руках стаў Ізяслаў — яе юны сын.
Палачанку пашкадавалі, падарылі ёй жыццё, але разам з сынам саслалі на Бацькаўшчыну.
Пасялілі выгнанцаў у вярхоўі ракі Свіслачы, у крэпасці.
Пасля дружына, што суправаджала выгнанцаў, пабудавала для іх палац.
Юнаму Ізяславу княгіня аддала ўсю сваю мацярынскую ласку і любоў, прывіла хлопчыку цягу да кніг, да асветы.
Калі Ізяслаў стаў дарослым, то ён усяляк спрыяў, каб асвету спасцігалі мясцовыя людзі. Гэта пры ім у старажытным беларускім горадзе Полацку з’явілася першая школа.
Нездарма Ізяслава людзі называлі кніжнікам.
Назва горада Заслаў’е таксама ўвекавечыла памяць пра гэтага мудрага і мужнага чалавека.
Князь Ізяслаў і сёння ў сваім старажытным горадзе. У цэнтры Заслаў’я, на плошчы, стаіць адліты з бронзы помнік. Прыціскаючы адной рукой кнігу да грудзей, другой абапіраючыся на меч, князь Ізяслаў нагадвае нам пра мудрасць і адвагу беларусаў.
Дарэчы, рачулка, што цячэ недалёка, называецца Княгінька.
Трэба думаць, у гонар Рагнеды, маці Ізяслава.
Пашкоў, Г. Званы юнацтва : паэзія, проза / Генадзь Пашкоў. – Мінск : Беларусь, 2012. – 335 с.
Вершы са зборніка
⚹ ⚹ ⚹
Зямля мая,
Зялёная расінка,
і чую я,
акрылены вясной, —
пчалой гудзе
світальная галінка
і пахне дзень
праталінай лясной.
Усе збіраю
колеры і гукі
I сэрцам вывяраю
Пачуццё.
…Як матчыны,
маёй Радзімы рукі
два зерні сеюць —
роднасць і жыццё.
Бераг
Ах, Прыпяцъ мая, Прыпяць!
Туман лугоў развесь.
Як водар гэты выпіць?
Навошта піць увесь?!
Птушьшая дзяржава.
Затокі і равы
высвечваюць іржавы
чарот берагавы.
А там хлапцы ў ватоўках,
абкурваючы гаць,
збіраюцца затоку
ражоўкай пераняць.
Прыціх мурожны вечар.
На далані ліста
расінка, нібы свечка,
палае ля кастра.
I долю тваю быццам
зачэрпвае рука —
імгненная вадзіца
і вечная рака.
Пашкоў, Г. Палескія вандроўнікі : лірычна-дакументальны дзённік / Генадзь Пашкоў. – Мінск : Полымя, 1998. – 208 с. : іл.
Урывак з кнігі
I адкуль у душы неспатольная прага вандроўкі? Чаму знарок пакідаеш цёплы гарадскі прытулак, звыклы лад штодзённага бытавання, усё, да чаго прывык, прырос душой, ды кіруешся Бог ведае па што ў невядомы свет? І што там чакае цябе акрамя дажджу і ветру, мулкіх начлегаў пад здзеклівы гул балотных крывасмокаў?
Там — прапахлая смалой каша, гаркавы чай з вугалькамі на вячэру. А да ўсяго — дзікая стома ва ўсім целе ад нязвыклых нагрузак.
Дзівак чалавек! А можа, гэта дзівосная дзея дарогі? У ёй ты жывеш, як у іншым вымярэнні. Тут свой адлік часу. Іншае адчуванне прасторы. I на ранейшае жыццё глянеш у дарозе зусім іначай. Гэтулькі пустой непатрэбшчыны выявіш, што міжволі задумаешся: а ці так жывеш, ці на тое траціш сілы? Усведамляеш спакойна, без роспачы і адчаю.
Гадоў дзесяць не мог здзейсніць адной задумы. Ну што, здавалася б, — запрасі надзейных хлопцаў ды пускайся ў дарогу. Па рацэ. На лодцы або плыце. I лёгка, і проста, і ў маляўнічых абдымках прыроды.
Задуму падаграваў крутабокі пакунак у кладоўцы. Спісаны з карабля выратавальны плыт некалі падарыў мне родзіч, мараход, штурман далёкага плавання. Так і ляжаў гэты плаўсродак запакаваны, як маўклівы дакор.
Ды, мусіць, шчаслівы выпадак заўсёды нечаканы.
…Ліпеньскім ранкам сусед па агародна-садовым участку Леанід Тарасавіч, па даўняй завядзёнцы выліўшы на сябе тры вядры крутой сцюдзёнкі, знайшоў у дворыку занятак. Удвух з сынам вывалаклі з хаты чорную гумовую капсулу ды пачалі выцягваць з яе аранжавае палотнішча, шырака рассцілаць па траве.
— У вас таксама плыт? — падзівіўся я.
— Ну як машына?! — гукнуў Леанід Тарасавіч у адказ.
— Такая і ў мяне ёсць. Жонка пагражае ва ўтыльсыравіну здаць…
— А на маім плыце ў апошні паход хадзіў Уладзімір Караткевіч! — патлумачыў сусед і са шкадаваннем дадаў. — 3 яго і забралі Караткевіча ў бальніцу… Назаўсёды.
Тым часам плыт вырас, раздаўся ўшыркі. Зусім, як мой, толькі большы. Гэты разлічаны на дзесяць чалавек, а мой — на шэсць.
— Прагуляцца б… — кажу, як пра нешта малаверагоднае. I тут быццам азарыла. — Слухай, Тарасавіч!.. А што, калі шляхам Караткевіча?.. У знак павагі…
— Давай… — неяк дужа будзённа пагаджаецца сусед.
…Найперш сабралі каманду. Кіраваліся прынцыпам: стараннасць, дружбацкасць, любоў да роднага краю, яго прыроды, да культуры народа.
Збіраліся ў дарогу хутка. Водны маршрут ужо ўдакладнялі па дарозе на Палессе, седзячы ў душным «рафіку». Вырашылі ісці не дарогай Караткевіча, а прадоўжыць яго шлях. Тым болей, што такі наказ даваў сваім спадарожнікам пісьменнік.
Бяром накірунак да вёскі Лахва, у Лунінецкі раён. Адтуль спадзяёмся дабрацца лугавінай да вады, у тое месца, дзе рэчка ўпадае ў Прыпяць.
Карты мы мелі падрабязныя. На іх кожны паром, кожны хляўчук на беразе пазначаны. Уважліва разглядаем у прадчуванні вандроўкі па стыхіі зямной прыгажосці.
А пакуль разгараўся жнівеньскі ранак. Правільней, ён гарэў, ды такім полымем, што ад Мінска да Салігорска прабіваліся ў суцэльнай дымавой завесе. Гарэлі лясы. Чадзілі перасохлыя тарфянікі. Усцяж дарогі клубіўся дым на ўчарнелых пожнях і сенажацях.
А калі ўзышло сонца, то было яно такое лілова-чаднае, што падалося, быццам усю ноч яго нехта смалакурыў. Зямля даўно не ведала дажджу, і агню на яе прасторах была вольніца.
Ехалі ды гадалі: а ці прабяромся да ракі? Надоечы газеты надрукавалі пастанову аб барацьбе з агнявой напасцю. Ці не падпадзём і мы пад які пункт забароны?
Пакуль думалі-рахавалі, шафёр наш Саша, усмешлівы, шыракаплечы хлапчына, аб’ект увагі пастоў ДАІ, збочыў з бетонкі і неўзабаве дамчаў нас да той самай Лахвы…
Пашкоў, Г. Тваім святлом благаславёны : вершы і паэма / Генадзь Пашкоў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. – 238 с.
Вершы са зборніка
Сон
Сніцца мне:
сонца песціцца.
Ты. Цішыня. I дарога.
Бягу адчыняць весніцы.
Адчыніў — анікога!
Мілая!
Родная!
Дзе ты?!
Чаму мне прыснілася гэтак?..
Калышацца заірдзелы
над галавою ветах.
Слухаю шолах.
Мо крокі?..
Весніцы рыпнулі глуха…
Недзе цягнік далёкі
коламі ў ноч пагрукаў.
Хутка ўзыход разгарыцца.
Топяцца зоры ў тумане.
Вецер прабег па жыце,
быццам тваё дыханне.
Хлеб на абрусе
Закалыхалася рыжае жыта.
Грукае ў грудзі.
Бяжыць да рукі.
Паразліваныя,
з неба нібыта,
сінімі кроплямі скрозь васількі.
Жар палыхае ад сонечнай печы!
I аржаны з васілёчкамі пах!
Высі шчыпае
і ніву асвечвае,
крылы раскінуўшы,
велічны птах.
Неба сінечу
з-за хмарыны,
бусел,
дзеткам маленькім краплінкамі кінь!
Помню з дзяцінства я:
хлеб на абрусе
і васільковая чыстая стынь!
Гэтак было і вялося вякамі!
I як святое заўсёды мне б —
Жыта, прашытае васількамі,
на васільковым абрусе — хлеб.







