Навуменка Іван
Іван Навуменка і Мазыршчына
Як ўжо адзначалася вышэй, Іван Навуменка працаваў карэспандэнтам мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся» (1946-1951). Шмат ездзіў па раёнах, сустракаўся з людзьмі. Толькі за адзін сорак дзевяты год апублікаваў каля ста допісаў, замалёвак і нарысаў пра калгаснікаў і працоўных Мазырскага, Васілевіцкага і Калінкавіцкага раёнаў.
Таксама і ў яго мастацкіх творах асноўныя падзеі адбываюцца на Палессі. Так, Мазыр, Гарбылі — г.зн. Калінкавічы, вузлавая чыгуначная станцыя, — гэтыя і іншыя мясціны, іх адметнасці зафіксаваны ў многіх творах аўтара.
У аповесці «Замяць жаўталісця» (1977) у вобразе прафесара Алеся Іванавіча Высоцкага пазнаецца сам пісьменнік, які едзе на месяц чытаць лекцыі ў перыферыйны педінстытут, у «надпрыпяцкі горад, дзе жыў і працаваў, калі быў малады». Ні разу ў аповесці не называецца Мазыр, але яго можна пазнаць па самых розных рэальных апісаннях. Шырока ўзнаўляюцца канкрэтныя этнаграфічна-бытавыя ўмовы, дэталі, якія сведчаць аб добрым веданні аўтара жыцця, гісторыі, побыту і культуры гэтай мясцовасці. У выніку — створаны каларытныя малюнкі даваеннага і сучаснага гарадоў, па многіх прыкметах якіх чытач пазнае Калінкавічы і Мазыр.
У 1994 годзе з’явілася аповесць І. Навуменкі «Гасцініца над Прыпяццю», дзе галоўны герой таксама прыязджае ў знаёмы горад, і па апісанню мы зноў пазнаём Мазыр. Пісьменнік закранае тэму Чарнобыля, па-новаму ацэньвае сённяшні дзень і нядаўняе мінулае.


