Навуменка Іван
Анатаваны спіс
Навуменка, І. Збор твораў : у 10 т. / Іван Навуменка ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў бел. культуры, мовы і літаратуры. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2012-2017.
Урывак з аповесці «Замяць жаўталісця»
(Збор твораў. Т. 3.)
…Вечарам Высоцкі блукае па прыціхлых вуліцах. Узыходзіць як у даўнія былыя гады месяц, цямнеюць зарэчныя сасоннікі, над лугавінай сінімі астраўкамі вісіць туман. Доўга не засынае горад, які ў начным змроку з-за сваіх пагоркаў, катлавін, здаецца магутным і шматпавярховым. У драўляным асабнячку, дзе раней размяшчалася рэдакцыя, цяпер жывуць: занавескі на вокнах, сінія абажурчыкі. Пошта там жа, тэатральнай трупы горад не мае, у будынку тэатра з антычнымі калонамі звычайныя кінасеансы, і хіба, можа, выступленні народнага тэатра; у жылым раёне, які прылягае да цэнтра, наўсцяж аднатыпныя каробкі. З гарадской даўніны адна царква захавалася — барока, семнаццаты век. А гарадку тысяча гадоў, ён упамінаецца ў старажытных летапісах і наогул гісторыкі, лінгвісты, археолагі адзін час звязвалі тутэйшыя мясціны з прарадзімай усяго ўсходняга славянства.
Праз тры дні была яшчэ адна лекцыя — напружаныя, натхнёныя гадзіны, калі ён цалкам увайшоў у давер да студэнтаў. З інстытута Высоцкі адразу пакіраваў у парк. Ён наўмысна не заходзіў сюды, як бы прыберагаючы парк для часіны, калі спадзе цяжар, звязаны з яго прыездам у надпрыпяцкі горад. Цяжар спаў, студэнты яго прынялі, і цяпер стомлены, яшчэ ўзрушаны лекцыяй, задаволены ад пачуцця выкананага абавязку, ён ідзе ў запаветную мясціну.
У парку над Прыпяццю некалькі клёнікаў ён пасадзіў памятнай восенню саракавога года — быў аб’яўлен месячнік азелянення горада, і дзесяцікласнікі прымалі ў ім удзел. Пасля вайны ён таксама садзіў дрэвы — рэдакцыя выязджала на суботнік у прылеглую да горада, так званую зялёную зону. Высоцкі, мабыць, трохі прымхлівы, бо ў апошнія гады ў яго не раз узнікала жаданне паглядзець на свае дрэвы.
Мінуўшы арку — сімвалічны ўваход у парк, — Высоцкі нічога не пазнаў. З ім здарылася тое, што і ў чыгуначным гарадку, калі выйшаўшы з вакзала, ён ледзь не заблудзіўся. Цяпер дзень, сярод дрэў ён не заблудзіць, але мясціна стала чужой і як бы незнаёмай.
З хвіліну Высоцкі стаяў, прыглядваючыся да перамен, пакуль зразумеў, што здарылася. Парк відавочна зменшыўся, бадай, палавіну яго займаюць незнаёмыя будынкі. Пад імі тое месца, дзе раслі пасаджаныя ім клёны. Высоцкаму стала маркотна да адчувальнага болю ў сэрцы. Нібы парвалася залатая ніць, якая звязвала яго з юнацтвам. Дрэвы, мабыць, высеклі, і на іх месцы ўзвялі недарэчныя каробкі.
Ён супакоіўся толькі тады, калі выйшаў на Прыпяць. Яна бліснула шырокім сінім плёсам, бязлюдным пясчаным берагам, відаць, ператвораным у пляж. Ва ўцалелай частцы парку клёны, таполі, акацыі разрасліся, спляліся кронамі, на алеях пад імі паўзмрок, зацішак, апалае лісце шчодра засцілае дарожкі.
Ён знайшоў лавачку на ўскраіне парку, адкуль найлепей глядзець на раку, прысеў, паклаў побач партфель. Купчастыя вяршаліны клёнаў нібы полымем ахоплены. Месяц жаўталісця. Дрэў, якія ён пасадзіў, няма. Што ж, маладосць даўно скончылася і сумаваць аб ёй не варта. Цякла Прыпяць, ішлі гады, раслі другія дрэвы. Усё натуральна. А што сталася з ім? Нічога асаблівага. Вучыўся, вучыў другіх, парадкам пастарэў. У яго ўзросце чалавека маладым не назавеш, таму ён трохі сентыментальна глядзіць на мінулае. Для яго, як і для дрэў, настала пара жаўталісця…
Навуменка, І. Аповесці, апавяданні : [для сярэд. і ст. шк. узросту] / Іван Навуменка. – Мінск : Беларусь, 2009. – 350 с. – (Школьная бібліятэка).
Урывак з аповесці «Вайна каля Цітавай копанкі»
Мала нарадзіцца на свет чалавекам, у якога ўсё на месцы і ўсё па норме: дзве рукі, дзве нагі, галава, вочы. Да ўсяго гэтага трэба мець яшчэ добрае імя.
Яшу на імя не пашанцавала. Калі б яго звалі Яшам, то гэта яшчэ нічога, за такое імя хлопец не крыўдаваў бы. Але так называе яго адна толькі Ліза ды яшчэ настаўніца Марыя Рыгораўна. Усе ж астатнія завуць проста Якавам. I не толькі завуць, а і дражняцца. Асабліва гэты Тарабанаў Алёша, да якога падлізваюцца ўсе хлопцы з іхняй вуліцы.
Калі Яша чым-небудзь не дагодзіць Алёшу, дык той без сораму гарланіць:
Якаў, Якаў спаў з сабакам,
Ішоў Сідар, костку кідаў…
Яшу крыўдна, што пра яго складзена гэткая дурная і недарэчная песня. Ён хацеў бы, каб хто-небудзь склаў такую ж і пра Алёшу. Але пра Алёшу ніякіх смешных песень няма. А калі б і была якая-небудзь, то ніхто не адважыцца яе спець пры жылістым, рудым Алёшу, бо яго ўсе баяцца. Ён самы дужы на іхняй вуліцы.
Калі Яша толькі прыйшоў у школу, то настаўніца вычытала яго апошнім па спіску. «Якуб Яскавеці» - прачытала яна, і Яша спачатку нават не зразумеў, што гэта выклікаюць яго. Ён азірнуўся: ці не ўстаў з-за парты які-небудзь Якуб? Але ні якага Якуба ў класе не было, і прыйшлося падымацца яму. Новае імя яшчэ болей не спадабалася Яшу. Няхай бы ўжо лепш быў Якаў, а то нейкі Якуб…
Толькі ў другім паўгоддзі настаўніца стала называць Якуба Яшам. Пачалося гэта вось з чаго. Марыя Рыгораўна задала аднойчы дадому цяжкую задачу. Яша ўмеў рашаць задачы, і таму ён рашыў і гэтую. Але болей задачу не рашыў ніхто. Хлопцы проста паспісвалі ў Яшы.
Да дошкі Марыя Рыгораўна выклікала другога вучня. Ён узяў свой сшытак і напісаў Яшава рашэнне. Тады не вытрымала Ліза, якая сядзела на самай першай парце. Ліза была смелая, бо яе маці таксама працавала настаўніцай, толькі ў другім класе. Яна ўстала і сказала Марыі Рыгораўне, што ўсе хлопцы паспісвалі ў Яшы і што ім павінна быць сорамна.
— Ідзі да дошкі, Яша, — сказала настаўніца.
З гэтага дня яна пачала называць яго Яшам.
Калі ішлі дадому, хлопцы хацелі як-небудзь адпомсціць Лізе за яе доўгі язык. Але за Лізу заступіўся Яша. Ён нават пасварыўся з Аркадзем Панядзелкам, які лічыўся ледзь не самым дужым у класе.
Заступніцтва за Лізу так проста для Яшы не абышлося. Назаўтра Тарабанаў Алёша, убачыўшы Яшу, зароў на ўсё горла:
Жаніх і нявеста
Паелі ўсё цеста…
Алёша пеў гэтую песню, скачучы на адной назе і крыўляючыся, а разам з ім, нібы па камандзе, скакалі і лямантавалі на ўсю вуліцу шасцёра Алёшавых братоў і сясцёр — Адам, Ходзя, Лёдзя, Дуся, Косцік і Пятрусь. Усе Тарабаны былі рудыя, крыклівыя і ніколі нічога не саромеліся. Паміж сабой яны жылі не вельмі дружна. Яша ведаў, што Тарабаны хаваюць адно ад аднаго памідоры і грушы-гнілкі. У кожнага ёсць свая патайная хованка. Толькі самыя меншыя, Косцік і Пятрусь, не навучыліся хаваць свайго багацця, бо яшчэ зусім не ўмелі хітрыць.
Тарабаны паміж сабой не ладзілі, але гэта не шкодзіла ім дружна і з’яднана нападаць на чужых. На ўсёй вуліцы яшчэ не было такога смелага, які б пачаў вайну з Тарабанамі. Няхай бы ён паспрабаваў!..
Алёша часта крыўдзіў Яшу, але Яша ўсё роўна штодня ішоў да Тарабанаў. У іх вялікай, нібы гумно, хаце вечна стаяў лямант, але затое было і весела. Тут заўсёды адзін плакаў, другі смяяўся, слёзы жылі ў цеснай, неадлучнай дружбе з радасцю…
Навуменка, І. Асеннія мелодыі–: раман, апавяданні– / Іван Навуменка. – Мінск–: Мастацкая літаратура, 1987. – 318–с.–: іл.
Урывак з рамана «Асеннія мелодыі»
…Каб Андрушкевіч быў пісьменнік, валодаў літара- турнымі здольнасцямі, ён напісаў бы кнігу, як яны, школьныя хлопцы, ішлі на вайну. Гэта была драматычная, нават трагічная дарога. Прызыўнікі з цэнтральных раёнаў Pacii, Ciбipы, Закаўказзя, відаць, у поўнай меры не адчулі гаркоты першых дзён, месяцаў ванны. Адчулі яе найбольш хлопцы з Беларусі, Украіны, бо па ix вёсках, гарадах найперш пракаціўся бязлітасны вал фашысцкага нашэсця i барбарынскага руйнавання.
Зyciм не такая пачалася вайна, як уяўлялі яе яны, жаўтадзюбыя патрыёты i рамантыкі, выхаваныя школай, кнігамі, ружова-прыгожымі даваеннымі кінафільмамі.
Ад ix гарадка да Бабруйска якая-небудзь сотня кіламетраў, i вось праз тыдзень пасля пачатку вайны фашысты на свaix танках, тупарылых грузавіках, матацыклах дaпялi да Бабруйска. Іх там, праўда, запынілі, на нейкі час нават адваявалі такія невялікія гарады, як Жлобін i Рагачоў.
Непадалёк ад чыгуначнага гарадка надзейна трымалі абарону бронецягнікі, яшчэ два месяцы загароджваючы немцам дарогу на Палессе з поўначы i ўсходу.
У Рэчыцы мост праз Днепр нашы ўзарвалі caмi. Biдаць, у выніку панікі. Таму калоне прызыўшкоў, у якую разам са школьнікамі ўліліся пажылыя дзядзькі, да Дняпра ды i пасля Дняпра прыйшлося iсці пешкі. Куды яны ішлі? Як значылася ў прадпісанні маладзенькага, які яшчэ нават не галіўся, лейтэнанта, што ўзначальваў калону, у Арол. У Арле ix мусілі ўзяць на ўлік i накіраваць каго куды трэба.
Паліць сонца, палавеюць на палі жыты, ячмені, аўсы, залатым морам разліваецца пшаніца. Прызыўнікі ідуць, ідуць, падымаючы на прасёлкавых дарогах воблакі шэрага пылу. Вельмі часта ў небе паяўляюцца нямецкія самалёты. Наогул толькі яны i пануюць над бачным прасторам. Савецкіх самалётаў не відаць. Раздаецца ледзь чутны кулямётны пошчак, самалёты кідаюць на месцы, дзе клубіцца шэры пыл, бомбы. Прызыўнікі ў гэты час дружна разбягаюцца па пшаніцы. Пранізлівы візгат бомбаў, якія чорнымі кропкамі аддзяляюцца ад самалётаў, выклікае цёмныя, здрадлівыя пачуцці. Хочацца ўціснуцца ў зямлю, зыначыцца, стаць непрыкметнай казюркай, якую ніхто не заўважыць, не кране. Паступова адчайны страх перад самалётамі, бомбамі знікае. Не, дзядзькі, хлопцы па-ранейшаму не пераносяць нахабнага, які раздзірае душу, візгату бомбаў, але гэтак адчайна, як раней, па полі не разбягаюцца. Яшчэ ніводная бомба не пацэліла прама на дарогу. Найбольш па полі, па пшаніцы, наводдаль ад дарогі пасля выбуху бомбаў уздымаюцца чорныя стаўбуры зямлі. Двух чалавек забіла, двух цi трох параніла якраз з ліку тых, хто на злом галавы падалей ляцеў ад даpoгi…
Навуменка, І. Гуканне над верасамі : аповесці, апавяданні / Іван Навуменка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2002. – 220 с. : іл.
Урывак з апавядання «Прыкрасць»:
Цяпер гэта чарнобыльская зона. Адселеныя вёскі ў большасці сваёй разбураныя, зруйнаваныя бульдозерамі i пахаваныя пад зямлёй. Ацалелыя яблыні, скручаныя вятрамі ды высокі шчыльны быльнёг, у якім схаваецца конь, пазначаюць месца былых сядзіб. А так больш нічога. Над шэрым бязмежным абсягам вісіць хмурнае неба, i з нейкай шалёнай радасцю свішчуць калючыя вятры…
Бліжэй да раённага цэнтра ёсць пакіутыя людзьмі але ацалелыя вёскі. Не проста ix разбурыць. Тутэйшыя калгасы, маючы ўрадалівыя землі, жылі ў дастатку, пабудавалі людзям каменныя дамы, заасфальтавалі вуліцы i правулкі. Але ўсё цяпер кінута, напаўразбурана, зарасло высокім, у рост чалавека, быльнягом.
Пра адно здарэнне ў такой вёсцы, праўдзівей, у вялікім надпрыпяцкім сяле, якое таксама ўвайшло ў зону адсялення, хачу расказаць.
Падзеі, пра якія згадваю, адбыліся даўно, у першыя пасляваенныя гады. Вёскі раёна, адносна багатага ў сваёй раўніннай частцы, позірку ўсё адно не лашчылі: цесна збітыя хаты, пазелянелыя, з узадранай саломай стрэхі хлявоў, гумнаў, іншай гаспадарчай забудовы.
Яшчэ горшы малюнак адкрываўся ў нізінна-балотнай, так званай прыпяцкай, зоне раёна. Адразу кідалася ў вочы незвычайная беднасць мясцовасці: зямля — пясок ды балацянка, ніцыя вербы на вуліцы, хаты мізэрныя, пабудаваныя ўроскід, ігрушы-дзічкі на падворках i агародах. I нейкая незвычайная цішыня. Hi чалавек не пройдзе па вуліцы, нi нават сабака не прабяжыць. Нібы вымерлі вёскі.
Я працаваў у той час карэспандэнтам абласной газеты. Ганарыўся сваёй газетай: як жа, ёй ёсць справа да ўсяго, што робіцца ў вобласці, i пра ўсё гэта я магу напісаць. Ад вёскі да вёскі я вандраваў (транспарту тады было мала) у кавалерыйскіх ботах з высокімі халявамі, якія прынёс з вайны, i ў хламідзе з шырачэзнымі плячамі, якая таксама дасталася мне ў якасці трафея. Хламіда грэла слаба, яе наскрозь пранізваў вецер. Зімой, каб не акалець, я паддзяваў пад яе суконны пінжачок i вязаную жаночую кофту.
Справа якраз i адбывалася зімой. У рэдакцыю прыйшоў ліст за некалькімі подпісамі з аднаго калгаса таго далёкага надпрыпяцкага раёна. У iм пісалася, што старшыня калгаса, былы партызан, які тpoxi служыў у паліцыі, проста раскрадае калгас, разбазарвае арцельнае дабро, наладжвае п’янкі з раённымі прыяцелямі, якія за гэта i трымаюць яго на пасадзе.
Такое пісьмо нельга было паслаць на рэагаванне ў раён. Рэдактар выклікаў мяне. Раён не ўваходзіў у мой «куст» — так называлася тэрыторыя, якую карэспандэнт звычайна абслугоўваў.
— Едзь, аднак, ты, — сказаў рэдактар. Вучышся ва ўніверсітэце. Тэарэтычна падкаваны. Наогул тваё прозвшча ў вобласці вядома.
Што значыць «едзь?» I на чым «едзь?» Надпрыпяцкае сяло размяшчаецца ад раённага цэнтра за сто кіламетраў. Як адолець такую адлегласць?
3 рэдактарам, шустрым, жвавым, які сам завочна вучыўся ў вышэйшай партыйнай школе ў Маскве, не паспрачаешся.
Мне пашанцавала. Я толькі дзень прасядзеў у раённым цэнтры. Вечарам дазнаўся, што з таго сяла некалькі падводчыкаў прывезлі сена. Я кінуўся на станцыю, на сенасклад, i паспеў там застаць вазакоў.
Яны ўзяліся падвезці мяне…
Навуменка, І. Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва : аповесці / Іван Навуменка ; [прадм. Людмілы Піскун]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. – 622 с. : [1] л. парт. – (Бібліятэка школьніка).
Урывак з аповесці «Дзяцінства»:
Вася жыве ў дзеда Піліпа. Маці нараджае яшчэ аднаго брата, якому нават імя яшчэ не прыдумалі, i Вася перабіраецца ў дзедаву хату. Бо маці яшчэ нядужая, ляжыць у ложку i не можа гатаваць ежу.
Вася памагае маці: коле дровы, носіць ваду. Потым ідзе да дзеда.
Вася памятае i той дзень, калі Петрык нарадзіўся. Каля маці ўвіхаліся розныя бабкі, прыходзіў нават тоўсты нізкі фельчар Прохар Прохаравіч, i на Васю, пасля таго як паявіўся на свет крыклівы, няўрымслівы Петрык, ніхто не звяртаў увагі. Вася страшэнна разлаваўся. У адчаі схапіў малаток i гэтак грукнуў па дзвярах, што вядуць у другую, чыстую, тады яшчэ халодную палавіну хаты, што ад філёнкі адскочыла драўляная паска. Бацька пасля цвічкамі прыбіў гэтую паску да дзвярэй.
З’яўленне на свет яшчэ аднаго брата Вася ўспрымае спакайней, чым мінулы раз, калі нарадзіўся Петрык. У ягоных грудзях нават тоіцца надзея, што калыхаць меншага брата цяпер будзе Петрык i такім чынам развяжа Васю pyкi. Настане для Baci доўгачаканая свабода, бо Петрык валачэцца за ім, нібы хвост.
Аднак не спраўдзіліся Васевы надзеі. Самы малодшы брат — яго нарэшце назвалі Сяргеем — ляжыць у люльцы. I зноў, як раней Петрыка, калыша яго Вася. Бо Петрык ад усялякай работы ўвільвае як толькі можа. То ў яго рука баліць, то нага, то галава, то жывот. Малы, але хітры гэты Петрык…
Вядома, Вася тpoxi крыўдуе на бацькоў. Адам у сям’і адзін, i жывецца яму лепей, чым Васю. У яго i кажушок ёсць, i бліскучыя стальныя канькі, тым часам Вася нават не марыць пра такія рэчы. Паспрабуй пракармі тры раты. Хлеба ці нават звычайнай бульбы не набярэшся.
Спіць Вася з дзедам на печы. На жэрдках, прымацаваных пад самай столлю, вісяць перавяслы цыбулі i густа змазаныя дзёгцем дзедавы боты. Яны даюць пах на ўсю хату, i пах гэты Васю прыемны. Дзіўны дзед. Ён надзявае боты толькі па вялікіх святах — на Вялікдзень, на Радуніцу, — а ўвесь астатні час ходзіць у лапцях, ці пасталах, як ix называюць у мястэчку…
Навуменка, І. Сасна пры дарозе–: раман–/ Іван Навуменка. – Мінск–: Юнацтва, 1991. – 333–с.–: [1] л. парт. – (Школьная бібліятэка).
Урывак з рамана
Жыццё каля чыгункі мае свае перавагі: бачыш многае з таго, што дзеецца на свеце. Цягнікі — пасланцы гэтага шырокага свету, як бы пацвярджаюць тое, аб чым пішуць у газетах, i тое яшчэ, што вандруе па зямлі толькі ў чутках.
Дзве сталёвыя каляі, ля якіх стаіць Птахава будка, вядуць з усходу на захад — з Гомеля на Брэст. Па ix нясуцца таксама, на нейкую хвіліну запыняючыся на станцыі, а то i зусім не запыняючыся, імклівыя цягнікі — Ленінград — Адэса.
Чыгунка спрыяла таму, што Міця рана стаў цікавіцца справамі, якія ідуць у вялікім свеце.
Аднойчы газеты прынеслі вестку, што Чырвоная Армія перайшла мяжу з панскай Польшчай i ўзяла пад сваю ахову народ Заходняй Беларусі i Украіны.
Міцю вестка ўзрушыла. Ен адчуў вялікае ўнутранае задавальненне. Прыемна было адчуць сябе савецкім — грамадзянінам вялікай неабсяжнай краіны, якая на вачах рабіла гісторыю. Ён нібы адказваў за яе лёс.
Потым нарадзіліся новыя прыбалтыйскія рэспублікі, савецкай стала Бесарабія, якая на школьных картах была заўсёды заштрыхавана цёмна-жоўтымі паскамі, як незаконна захопленая тэрыторыя. Міцю пачало асабіста хваляваць усё гэта, усё тое высокае, чым былі запоўнены газеты, аб чым пісалі ў кнігах, гаварылі па радыё, паказвалі ў кіно.
Ён быў усёй душой аддадзены школьнаму, кніжнаму, мысліў высокімі катэгорыямі, не звяртаючы ўвагі, а то i проста адварочваючыся ад усяго звычайнага, будзённага, што ён бачыў на кожным кроку ў тым жыцці, якое яго акаляла.
Міця хадзіў у школу напрасткі, сцяжынкай, пракладзенай проста па калгасным полі. На полі гэтым восенню гніла незасціртаваная салома, яе расцягвалі хто хацеў, сям-там бульба аставалася нявыкапанай да марозаў. Але ў газетах пісалі пра Усесаюзную сельскагаспадарчую выстаўку ў Маскве, пра поспехі калгасаў і ён, бачачы на ўласныя вочы непарадак, не верыў у яго, лічыў дробяззю, не вартай таго, каб пра гэта думаць. Для яго не існавала сярэдзіны паміж вялікім i малым, з’явы i рэчы ў яго разуменні мелі выразную i толькі адзіную назву.
Калі шла вайна з белафінамі Міця на нейкі час разгубіўся. Двое ці трое раненых местачкоўцаў прыехалі са шпіталяў, яны расказвалі не зусім так, як пісалася ў газетах. Гэта бянтэжыла, злавала. Зрэшты, нашы авалодалі Выбаргам, у клубе паказвалі фільм «Лінія Манергейма», i Міця супакоіўся. Усё стала на сваё месца.
А над светам палыхала ўжо вялікая вайна…
Навуменка, І. Гасцініца над Прыпяццю : аповесці і апавяданні / Іван Навуменка ; [укл. і прадм. В. Куляшовай]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 206 с. – (Школьная бібліятэка).
Урывак з аповесці «Гасцініца над прыпяццю»:
Івашка прыехау ў горад на Прыпяці ў лістападзе, у хмурную, сумную восень. Па небе паўзуць цяжкія, шэра-цёмныя, як дым з паравоза, воблакі, i выгляд горада, нягледзячы на пабеленыя гмахі шматлікіх новых будынкаў, змрочна-няветлівы, пануры. Адлюстроўваючы цёмнае неба, такая ж цёмная, нават злавесна-чорная, цячэ Прыпяць.
За апошнія чатыры гады трэці раз Івашка ў горадзе i, можа, таму ехаў сюды без асаблівай радасці. Ён пенсіянер, хоць яшчэ працуе, жыццё, як кажуць, зроблена, i нішто асаблівае наперадзе не свеціць. Дый нібы эмігрант ён цяпер ў адносінах да роднага краю. Вёрст за сотню ад гэтых мясцін Чарнобыль, а што здарылася ў Чарнобылі, усім вядома.
Івашка вылазіць з «Масквіча» перад гасцініцай, якая ўзведзена адразу за мостам цераз Прыпяць, на знаёмай Пралетарскай вуліцы. Машына гэтак абляпана граззю, што непрыемна на яе глядзець. А дзевяціпавярховая гасцініца ніштаваная: ажурна-лёгкая, светла-белая, яна, здаецца, вісіць у паверты. Удала, умела гасцініца пабудавана. Івашка разумее, у чым справа: адразу за мостам уверх па касагоры карабкаліся дзве вулкі, забудаваныя драўлянымі дамкамі i нават звычайнымі, старасвецкага выгляду хацінамі, з перакрыжаваным бярвеннем вуглоў, падслепаватымі акенцамі, пакрытымі сатлелай дранкай дахамі. Няма тых дамкоў і хацін. На месцы, дзе пачыналі драцца ўгору дзве вулкі — Пралетарская i Падгорная, i падняўся гмах белай гасцініцы, які нібы валадарыць над усім блізкім наваколлем, здаючыся лёгкім, цацачным.
Івашка ўздрыгвае: месца, дзе стаяў дамок цёткі Сынклеты, таксама паглынула гасцініца, бо ён быў трэці ці чацвёрты ад пачатку Пралетарскай вуліцы, а цяпер вуліца агалілася ледзь не да канца.
Івашка з хвіліну разглядвае вячэрні горад, які ўжо сям-там пачынае запальваць агні. У паўзмроку выдзяляецца грунтовы, з высокімі клеткамі парэнчаў мост цераз Прыпяць, па якім ён прыехаў у горад. Міжгародная аўтобусная станцыя лепіцца ледзь не ўпрытык да моста. Там тоўпяцца людзі, пад’язджаюць, ад’язджаюць аўтобусы. Вышэй станцыі (горад размешчаны на пагорках і ў ярах) перапляценне эстакад, па якіх машыны ўз’язжаюць на мост з прылеглых вуліц.
Івашка падганяе «Масквіч» да воданапорнай калонкі, збольшага выцірае анучай гразь. Ужо амаль цёмна, машынай трэба заняцца заўтра. Памыўшы рукі, ён вырульвае «Масквіч» да квадрата стаянкі, што размешчана пад самымі вокнамі гасцініцы.
Нумар Івашка заказаў па тэлефоне, за два ці тры дні да выезду з Мінска. Чарнявенькая, з прыемным тварам адміністратарка лёгка знаходзіць бланк з ягоным заказам, бярэ пашпарт, грошы, выдае патрэбныя паперкі з відам на жыхарства.
На ліфце Івашўка падымаецца на чацвёрты паверх.
І вось ён у невялікім пакоіку, у якім ложак, канапка, столік з тэлефонам, у кутку невялікая каробка чорна-белага тэлевізара, а на сцяне блакітная скрыначка рэпрадуктара — пад колер шпалераў. Галоўнае — з акна адкрываецца від на горад…









