Уладзімір Ліпскі
Анатаваны спіс
Ліпскі, У. Аўцюкоўцы : аповесць пра калінак ды каласкоў, якія гаруюць і жартуюць / Уладзімір Ліпскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1995. – 223 с.
«Вялі бусла»
Ля грубкі сядзяць дзве галубкі — Мар’я і Параска. Побач — Хведар, пра сябе паведаў:
— Як быў маленькі — усе мной пацяшаліся. А як стаў старэнькі — усе ад мяне адцураліся…
У грубцы патрэскваюць бярозавыя дровы. Водбліскі агню барвовымі зайчыкамі скачуць па тварах. Муж, жонка, іх дачка (усе пенсіянеры) прыгадваюць пражытае. А яно, як і ў многіх аўцюкоўцаў, адно — гаравалі.
— Пажаніліся, як было нам па семнаццаць. Сышліся яшчэ да калгасаў. Пакуль у армію не забралі, у нас ужо — дзве дачкі, — так пачаў аповед дзед Хведар ды раптам перавярнуў пласцінку. — Ай, каласок, няма пра што казаць. Служыў, ваяваў, а тады — шафярыў. Дома не стыкаўся…
Падхоплівае баба Мар’я:
— Вайну ператрэслася з дзецьмі. Як што заварушыцца — мы ў лес. Іду ў поле і малых за сабой цягну. Кіну ў разору, паплача — перастане. Большае выпаўзе — няньчыць. А мы жыта жном, каб болей працадзён зарабіць. От і дажыла да пенсіі — далі дванаццаць рублікаў. Дзеці разляцеліся — хто куды. Во, запалім у грубцы, грэемся ды думаем, каласок, чаму ў нас такая доля…
Агонь падагравае памяць. Дабрэюць твары. І вось ужо смехам напоўнена сагрэтая хата.
— Эх, каласок, як раней спявалі! Цяпер па радзіве так не выцягнуць, — пачынаюць даўнейшую мелодыю. — «Калядкі-святкі, наеліся — ды спаткі, на высокія палаткі…»
— А ведаешь, каласок, запольцы аднойчы пераводзілі бусла цераз кладку, каб не ўтапіўся ў Заброддзі. Самі па балоце ішлі, а бусла па кладцы вялі…
— Аўцюк, каб займець кіпячонае малако, вядзе карову ў хату і ўтыквае рогі ў разетку…
Рагочам ад пуза.
«Няма́шака»
Ідзе незнаёмец па Аўцюках. Насустрач яму — мясцовы курыльшчык.
— Прабачце, можна ў вас папрасіць сапраўднага табачку, — звяртаецца госць да аўцюка.
— Няма́шака!..
Па-аўцюкоўску гэта азначае: ёсць, але не дам, сваё курыва май.
Дрэсіраваныя парасяты
Памерла жонка ў аўцюка. Сумна аднаму. Сустрэў удаву, прапануе:
— Давай, калінка, разам жыць.
А ўдаве таксама сумна адной — пагадзілася.
Аўцюк пасадзіў парасят на самаробную каляску, павёз у новы двор. Пажыў з удавою. Нешта загневаліся адно на аднаго. Пагрузіў аўцюк парасят у каляску, павёз дамоў.
Праз нейкі час зноў сышліся, разышліся.
Парасяты да таго прывыклі катацца, што як толькі гаспадар выпускаў іх з катушка на двор, яны беглі да каляскі.
Ліпскі, У. Мы : аповесць пра нашы прозвішчы / Уладзімір Ліпскі. – Мінск : Беларусь, 2006. – 262 с.
Хто ў хаце гаспадар
(урывак)
Чытаў у архівах «Рэвізскія сказкі». Яны ўяўляюць сабой ведамасці паселішчаў, якія ўваходзілі ў склад панскіх маёнткаў. Не паверыце, тыя паперы падаліся мне сапраўднымі казкамі. Па іх можна даведацца, хто жыў, скажам, у вёсцы Крапіўня сто пяцьдзесят гадоў назад. Стараннай рукою пісара засведчаны ўсе сямейныя вывадкі: колькі ў хаце было людзей, іх узрост, іх роднасныя адносіны адзін да аднаго. Па тых дакументах можна вывучаць генеалогію родаў: хто каму швагер, дзевер, залоўка, браціха, дзядзіна.
Падобную радасць перажыў, калі вывучаў прозвішчы маіх рэчычан. У іх, як энергетычны код, зафіксаваны і захоўваюцца вякамі ўсе сваяцкія повязі. Бліжыцай называюць мае землякі сваячку. Дык вось, у нашых прозвішчах — пячатка міжродавай сваяцкасці, нашых кроўных адносін. Усе мы радня, родныя, аднаго роду-кораня. І гэта аксіёма засведчана ў прозвішчах Радноў, Родзін, Родзіна, Родзіч, Бязроднаў.
Баба, бабуля — адна з паважаных асоб у сямейным клане. Але бабай называюць і маладую жонку, і тую жанчыну, якая бабіць, прымае роды. А калі ў самой павітухі з’яўлялася дзіцё, то яго звалі бабічам. Бабскім абзывалі мужыка нядужага, слабага. Бабінія — рэзідэнцыя султана. Пра бабу шмат прымавак у народным фальклоры: «Дзе чорт нічога не зможа, туды бабу пашле», «Бабу не перагамоніш, яе і сабакі не перабрэшуць», «Козы — не тавар, а бабы — не людзі». Ды як бы там ні казалі, а без бабы няма жыцця на свеце. Гэта могуць пацвердзіць усе мае рэчычане, якія носяць прозвішчы Бабанаў, Бабась, Бабенкаў, Бабенка, Бабіцкі, Бабічаў, Бабкін, Бабушкін, Бабчонак, Бабін, Бабанкоў, Бязбабіч, Каргін (карга — старая баба).
У адным рангу з бабай стаіць дзед. Праўда, дзедам маглі зваць і занадта сур’ёзнага, не па гадах разумнага хлопца, альбо з белымі валасамі, ці буркатлівага, як дзед. На Урале дзед — знахар, а на поўдні Расіі — жабрак: «Вот дед придет, в мешке унесет». А хто нашы Дзедзікі, Дзедзікавы, Дзядковы, Дзедавы, Дзядовічы, Дзядухі?
Муж і жонка, хто складвае аснову сям’і, таксама засведчаны ў нашых прозвішчах. Але ж трэба ўлічыць, што яны адначасова і бацька, і маці. Адсюль і прозвішчы: Мужэнка, Бацюк, Бацічкін, Бацюня, Бацькоў, Татульчанка, Папінаў, Папін, Папенкаў, Матачкін, Матчанка, Жонкаў, Траянскі, Траянаў (бацька траіх блізнят).
Ёсць нават Безмацерных (мо не толькі жыў без маці, а і без мацюкоў?) і Паніматка (ці гэта чалавек багата «панімаў», разумеў, ці слова пайшло ад паважлівага звароту да мамы — пані Матка?). А ў Буда-Кашалёве я сустракаў чалавека з таямніча-загадкавым прозвішчам Паўтарабацька.
Асобымі азначэннямі праходзяць у прозвішчах дзеці. Якой толькі пяшчоты не выказваюць бацькі ў адрас сваіх нашчадкаў! Здаецца, усе іх сардэчныя словы ўвекавечаны ў самых надзейных сямейных архівах — прозвішчах: Асеннікаў (дзіцё, якое нарадзілася восенню), Адзінец, Адзінцоў (адзінае дзіцё ў сям’і), Першын, Пярштук, Втарушын, Другай (другое дзіцё ў сям’і) і далей па ліку — Трацяк, Трацякоў, Пяткевіч, Пяткун, Шастак, Шастакоў, Шаставец, Семакоў, Дзевяцяроў, Дзевяцін, Дзевяткін, Дзевяшын, Дзесятаў.
Сем’і некалі былі шматдзетнымі, не тое, што цяпер…
Ліпскі, У. Крутыя вёрсты : дакументальная аповесць / Уладзімір Ліпскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1980. – 128 с. : іл. – (Слава твая, Беларусь!)
Урывак з аповесці
Над свінцовым дажджом
— Санінструктар Тусналобава!
— Слухаю! — выцягнулася ў струнку дзяўчына.
— Што гэта ў цябе за абутак? — строга спытаў лейтэнант.
Зіна зірнула на ногі, і гарачыня шыбанула ў твар: адна нага — у белым валёнку, другая — у чёрным.
— Вінавата, таварыш камандзір!
— Ну, добра, санінструктар. Абы цёпла, — ціха сказаў Цімашэнка, твар яго памякчэў.
Лейтэнант Цімашэнка быў камандзірам сёмай роты. Байцы яго лічылі сваім надзейным сябрам і любілі кожны па-свойму, а ўсе разам — моцна і аддана.
Ён з’яўляўся там і тады, дзе ўзнікала патрэба ў яго падбадзёрваючым слове, камандзірскай рашучасці, валявой вытрымцы. Густыя бровы яго пастаянна былі насуплены. Здавалася, што лейтэнант развучыўся смяяцца і гаварыць ласкавыя словы.
Сёння ж Цімашэнку было не пазнаць. Падыходзіў амаль да кожнага байца, клаў руку на плячо, знаходзіў патрэбныя словы. Нават усміхаўся. Дазваляў жартаваць.
— Няхай цяпер шукае свайму валёнку пару, — зарагатаў баец Кузькін, паказваючы жоўтыя зубы.
Байцы смяяліся. Зіна таксама павесялела. «Праўда, з кім жа гэта я памянялася? Дзе? Калі?» Відаць, ноччу, калі сушыліся на сялянскай печы. Дзве роты ўзвалілі на чарэнь свой абутак. А прыцемкам закамандавалі пад’ём. Дзіва што валёнкі пераблытаеш. У такой сітуацыі можна галовамі памяняцца.
Смяяўся і Цімашэнка.
— Вось будзе перавязваць вас у час бою, тады і знойдзе свой валёнак.
Лейтэнант пажартаваў — і зрабілася ніякавата, быццам пракаўтнуў гарчэзную пілюлю. «Што гэта з табой, сябрук, — пачаў дакараць ён сябе. — Яшчэ задання не выканаў, а ўжо людзей хаваеш, раны ім перавязваеш…» Услых загадаў:
— Сержант Мамедзінаў! Сабраць байцоў да мяне!
Праз лічаныя хвіліны сёмая рота была ў поўнай баявой гатоўнасці. Усе ўважліва слухалі свайго камандзіра. Яго бровы зноў былі насуплены, а твар сур’ёзны.
— Таварышы байцы! Вось ужо другі тыдзень мы з вамі ўдзельнічаем у Варонежска-Кастарнецкай апepaцыі. — Лейтэнант перавёў дыханне, агледзеў байцоў, нібыта пераконваўся, ці слухаюць яго, і працягваў гаварыць: — Задача нашага палка — перарэзаць чыгунку і шашу да станцыі Гаршэчнае, каб не даць праціўніку выйсці з «катла». Чатыры дні мы стрымлівалі шматлікія атакі немцаў. Сёння нашай роце загадана зрабіць разведку боем…
Уважліва слухалі байцы камандзіра. Задуменнай была санінструктар Зіна Тусналобава. Праз некалькі хвілін рота пойдзе ў атаку.
На ўсю прыгажосць, што яна бачыць вось цяпер, — заснежанае кустоўе, белы дыван ляснога возера, гонкія елкі, — шалёна секане свінцовы дождж. Будуць крыкі, стогны і смерць. «Бог ты мой, бог, у якім жа шынку ты забавіўся, што не чуеш, не бачыш чалавечай бойні», — уздыхнула Зіна і паправіла рэмень санітарнай сумкі…
Ліпскі, У. Усе мы – радня : аповесць, апавяданні / Уладзімір Ліпскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2010. – 350 с.
Урывак з аповесці «Я. праўдзівы аповед пра твой і мой радавод»
Мы — ад Евы i Адама
Я, Ты, Ён, Яна — людзі на планеце Зямля.
Што мы робім?
Жывём!
У прызначаны для нас гістарычны міг дыхаем і думаем, працуем і харчуемся, пазнаём свет і сябе, весялімся і плачам, спрачаемся і радуемся, кахаем і ненавідзім, ваюем і сябруем…
Жывём, як маятнік: туды-сюды, дзень-ноч, галодны-сыты, адзеты-голы, шчаслівы-гаротны, свой-чужы…
Стоп! Маятнік хай цікае далей. А мы задумаемся: свой і чужы? Ці правільна, што дзелім людзей на процілеглыя лагеры? Мо адсюль бяруць свае вытокі войны, бойкі, калатнеча, варожасць, падазронасць, ганьба, здзекі?
Прызнаем: Адам і Ева — карані нашага чалавечага дрэва. Такая выснова стукаецца ў сэрца, калі пачынаеш усведамляць: хто Я? Калі пачынаешь плесці ланцужок свайго радаводу. Калі хочаш разгадаць тайну стагоддзяў, блізкую да тваёй сям’і, а значыць, і для самога сябе, да сваей Радзімы.
Японскія вучоныя пацвердзілі гэту ісціну. Шмат гадоў вывучалі яны мітахондрыі, арганічныя ўтварэнні ў клетках чалавека. Вывад, які надрукавалі вучоныя ў часопісе «Сюкан Майнити», стаў сенсацыяй ва ўсім свеце. Тайна спадчыннасці пацвердзілася: існуе пэўная заканамернасць у перадачы «эстафеты» ад адной яйцаклеткі да другой.
Варта вывучыць гены некалькіх пакаленняў адной сям’і, і можна скласці мадэль асноўнага геннага матэрыялу старажытнейшага прадстаўніка любога роду.
Вучоныя з Японіі збіралі звесткі пра гены ў людзей розных рас на Зямлі. Вывад адназначны: усе галіны чалавецтва маюць адну прадрародзічку, агульную Маму. Яна жыла каля двухсот тысяч гадоў назад недзе ў Афрыцы. А мы, яе дзеці, жывём у розных краінах і ніяк не можам дамовіцца аб міры і згодзе.
Адам і Ева — нашы карані.
Корань сілкуе дрэва, дае яму моц. Расце дрэва, множыцца і… гіне. Ці па ўзросту падае, ці ад сякеры дрывасека, ці ад хвароб, ці ад нядбайнасці гаспадароў. А на яго месцы вырастае новы ствол. Жыццё прадаўжаецца!
У кожнага сямейнага радаводу — сваё дрэва. У яго свае карані, ствол, галіны, лісце, насенне, плады.
У прыродным лесе растудь дуб, ліпа, граб, клён, бяроза, асіна…
У лесе чалавечым жывуць Дубовікі, Ліпскія, Ліпніцкія, Граблёўскія, Клёнскія, Асіноўскія…
Лес прыродны не можа расці без кустоў, парасткаў, зараснікаў. Ёсць дрэвы-волаты і карлікі, засохлыя і крывыя, кучаравыя і абкарнаныя.
Гэтак жа і ў лесе чалавечым. Ёсць цары і слугі, геніі і дурні, начальнікі і халуі, злачынцы і праведнікі, багатыя і бедныя, набожныя і грэшнікі.
А я веру: у кожнага чалавека сваё Я. Непаўторнае!
Кожны чалавек — Асоба!
Кожнае чалавечае жыццё — Кніга!
I глыбока ўсвядоміў новую ісціну: чалавек — гэта цэлая планета.
Не верыце?
А давайце разам намалюем гэту чалавечую планету…
Ліпскі, У. Каралева белых прынцэс : выбранае : аповесці, казкі, апавяданні / Уладзімір Ліпскі. – Мінск : Юнацтва, 2000. – 335 с. : іл.
Апавяданне з цыкла «Рыгоркавы прыгоды»
Радасць
У госці прыехала бабуля. Рыгорка гуляе з ёю. Асабліва радуецца, калі яна бярэцца за акуляры і кніжку.
Рыгорка любіць слухаць казкі. Ловіць кожнае слова. А калі бабуля прыпыняецца, каб паправіць акуляры, Рыгорка тузае яе за рукаў:
— Чытай, бабулька, хутчэй!
— Цікава? — пытае яна і перагортвае старонку.
…Цудоўную кветачку падарылі дзяўчынцы Жэні. Варта толькі адшчыкнуць пялёстак і сказаць два-тры словы, як тут жа збываецца ўсё, чаго пажадаеш.
Вось дзяўчынка на Паўночным полюсе, а праз хвіліну яна зноў дома, і па яе просьбе ў хату злятаюцца цацкі з усяго свету. Жэня абрывае апошні блакітны пялёстак цудоўнай кветачкі-сяміцветачкі і загадвае, каб кульгавы хлопчык Віця стаў здаровы. У тую ж хвіліну хлопчык саскоквае з лавы і пачынае гуляць з Жэняй у квача. Ён бегае так хутка, што дзяўчынка і дагнаць яго не можа…
— А што далей? Чытай, бабулька, — просіць Рыгорка.
— А далей… казачцы канец, — кажа яна і загортвае кніжку.
— У-у, — незадаволена махае рукой Рыгорка. На вочы набягаюць слёзы. Так хочацца быць яму з дзяўчынкай Жэняй і хлопчыкам Віцем!
— А ведаеш што? — кажа бабуля. — Уяві сабе, што і ты атрымаў у падарунак цудоўную кветачку. Што б ты пажадаў? Толькі памятай: у кветачкі сем пялёсткаў — значыць, могуць збыцца толькі сем тваіх жаданняў.
Рыгорка павесялеў. Радасная ўсмешка зноў асвяціла яго твар і ён сказаў:
— Хачу паглядзець кіно «Кветачка-сяміцветачка».
— Хачу кожны дзень бываць у цырку.
— Куплю дзве шакаладкі і тысячу цукерак.
— Хачу на ракеце паляцець у космас, на Месяц і на Марс…
Жаданні ў Рыгоркі самыя неверагодныя. Ён так імі захапіўся, што, здавалася, не толькі адрываў пялёсткі і выказваў просьбы, а ператвараў казку ў яву. Урэшце бабуля перапыніла яго і сказала:
— Застаўся адзін пялёстак. Ты можаш папрасіць самае-самае галоўнае.
Рыгорка задумаўся. Уздыхнуў.
— Апошні пялёстак… Самае-самае… Прыдумаў! — закрычаў Рыгорка. — Хачу, — выразна прагаварыў ён, — каб ты, бабулька, стала маладой.
Бабуля пагладзіла ўнука па галоўцы, твар яе прасвятлеў. Яна нібы і сапраўды стала маладзейшай.
Ліпскі, У. Прыгоды Нуліка : аповесць-казка / Уладзімір Ліпскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. – 70 с. : іл.
Урывак з кнігі
Міколка-ратавальнік
Жыве ў высокім доме, на сёмым паверсе, хлопчык Міколка. Вельмі ж ён пацешны. Выйдзе на вуліцу, сядзе на лаўку і сядзіць, думае. А дзеці гушкаюцца, лётаюць паміж дрэў, у пясочніцы корпаюцца. У яго пытаюцца:
— Што робіш, Міколка?
— Варон пералічваю…
А то скажа, што балконы лічыць у сваім доме, галіны на клёне, кветкі на газоне.
Як, толькі не клікалі Міколку: і грамацеем, і матэматыкам, і, не паверыце нават, дзядзькам Колем. Ленка з пятага паверха склала пра яго дражнілку:
Дзядзька Коля — велікан,
Уваліўся ў мамін жбан.
А ў жбане малако,
Дзядзя Коля — ко-ко-ко…
З верасня Міколку пачалі называць Нулікам, бо пайшоў вучыцца ў нулявы клас. Ён, канечне, не вельмі падобны на нуль. Хутчэй на лугавога коніка. Танклявы, падцягнуты, толькі скакаць не любіць. Ходзіць павольна, задуменна.
От аднойчы ішоў ён, пра нешта думаў. А можа, пліты лічыў, па якіх ступаў? Ды раптам аж войкнуў ад знаходкі. Каля самай сцяны ляжаў сапраўдны Нулік. Міколка быццам пачуў яго голас:
— Ратуйце мяне!..
Хлопчык Нулік ухапіў у рукі лічбу Нулік і панёс у сваю кватэру. Бег па лесвіцы і ўвесь час адчуваў у руках не проста абадок з дроціка, а нешта як бы жывое…
Ліпскі, У. Я тут жыву : дзецям пра Беларусь / Уладзімір Ліпскі. – Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2008. – 128 с. : іл.
Легенда пра мазыр
Пачатак будаўніцтва Мазыра паданне прыпісвае двум братам, якія пасяліліся на крутых берагах Прыпяці, каб здабываць рыбін тлушч (жыр). Старэйшы ўзненавідзеў малодшага — статнага малойца, прыгажуна. За што? Ды за тое, што маладая суседка пакахала малодшага брата і той хутка разбагацеў. Усчалася паміж братамі бойка. Старэйшы папрасіў дапамогі ў чараўніцы, якая жыла непадалёку, на высокай гары. Чараўніца як убачыла прыгажуна, дык і пра чары забылася. Загадала прыпыніць бойку. А старэйшы ўсё патрабаваў: «Мой жыр! Я не ўступлю ніводнай меркі!» Пакрыўдзілася чараўніца, што старэйшы брат яе не паслухаўся, узмахнула чарадзейным мячом, і гара распалася на дзве часткі. Праваліўся ў бездань старэйшы брат і ўсё крычаў:
— Мой жыр! Мой жыр!
— Не, мой жыр! — адказваў малодшы.
Мой жыр — Можыр, Мозыр.
Так нібыта ўзнікла назва горада. Ёсць рэчка, якая ўпадае ў Прыпяць. Яе называюць Монжыр’е.









