Якуб Колас і Мазыршчына
Адна з вуліц горада Мазыра носіць імя Якуба Коласа. На ёй знаходзяцца: ДУА гімназія №1 імя Янкі Купалы, музей-майстэрня М. Н. Пушкара.
Якуб Колас двойчы прыязджаў у горад Мазыр. Першы раз – праз два з паловай месяцы пасля вызвалення Мазыра ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, калі горад ляжаў у руінах. Журналіст Я. Садоўскі, які суправаджаў пісьменніка ў гэтай паездцы, успамінаў, што паэт многа хадзіў па гораду, доўга і задуменна стаяў над ракой Прыпяць, якую апеў у сваіх выдатных творах.
Якуб Колас гаварыў, што трэба зрабіць так, каб на руінах і папялішчах пасадзіць новыя паркі ў гонар перамогі. Вечарам паэт наведаў гарадскую бібліятэку. Тут ён са слязамі на вачах слухаў расказы чатачоў пра тое, як яны, рызыкуючы жыццём, захоўвалі ў гады акупацыі яго кнігі і кнігі Янкі Купалы. З незвычайным хваляваннем ён доўга іх перагортваў.
Другі раз пісьменнік прыязджаў у наш горад у пачатку 1946 года. У гарадскім Палацы культуры была арганізавана сустрэча мазыран з Якубам Коласам. Ён выступіў з чытаннем сваіх новых вершаў. Пасля заканчэння сустрэчы доўга гутарыў з выкладчыкамі настаўніцкага інстытута.
Крыніца: Меяровіч, М. Якуб Колас у Мазыры / М. Меяровіч // Камуніст Палесся. – 1982. – 1 кастрычніка. – С. 2.




