Колас Якуб
Анатаваны спіс
Колас, Я. Збор твораў : у 20 т. / Якуб Колас. – Мінск : Беларуская навука, 2007-2012.
Колас, Я. Вершы / Якуб Колас. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2018. – 32 с. : іл. – (Кнігі нашага дзяцінства).
Храбры певень
Па надворку певень ходзіць,
За сабою куры водзіць
І крычыць: «Сюды! Сюды!»
Як кіўне ён галавою,
Сыплюць куры чарадою —
Як адна бягуць туды.
А калі хто кур пужае,
Певень грозна загукае:
— Хто такі там? Хто такі?..
Вось на ток ён зачасаўся.
— Кыш! — адтуль хтось адазваўся.
— А які там чорт? Які?
Певень жытам кур частуе,
Гаспадара бы й не чуе,
Кліча кур: «Сюды! Сюды!»
Гаспадар мятлу хапае.
Гвалт наш певень падымае:
— Хто куды! Ой, хто куды!
Адлёт жураўлёў
Белыя валокны
Сцелюцца над долам.
Не спяваюць птушкі,
Сціхнуў лесу шолам.
Сцелюцца валокны,
Тчэцца павуціна —
Блізка, блізка восень,
Смутная часіна!
Зажурыцца неба,
Схованае ў хмары,
І агорнуць сэрца
Нейкі жаль і мары.
Замірае лета,
Заціхаюць далі,
Сірацее рэчка,
Халадзеюць хвалі.
Стомленасць, знямеласць…
Тояць думку боры…
Шш! што то за гукі
Чуюцца ў прасторы?
Жаласна-прыгожа
Льюцца ў небе гукі,
Слухаюць лясы іх,
Луг, балота, лукі.
У бязмежным небе
Роўненькім шнурочкам
Жураўлі на вырай
Мкнуцца над лясочкам.
Меншыцца шнурочак,
У паднебʼі тае,
Вось ледзь-ледзь чарнее,
Міг — і прападае.
Колас, Я. Другое чытанне для дзяцей беларусаў : апавяданні, вершы, байкі, казкі / Якуб Колас. – Мінск : Маст. лiт., 2007. – 182 с. : іл.
Вершы са зборніка
Вясковыя дзеці
Пусты ўлетку нашы сёлы:
Ўсе на полі за сярпом,
Толькі дзетак крык вясёлы
Льецца ў вуліцах руччом.
Вецер кудры іх цалуе,
Мые дождж іх бледны твар;
З імі сонейка жартуе
І цяпло ім шле, як дар.
Вёска
Цесна збілісь нашы хаты,
Як авечкі ў летні жар;
Для агню тут корм багаты,
Як укінецца пажар.
Хлеўчык, склепік і гуменцы
Пад адзін зліліся плех,
Трэскі ўсаджаны ў акенцы,
Замеж шкла — радняны мех.
Загародка пад акнамі,
Блісне кветка дзе-нідзе,
Зеллем глушыцца, травамі
Мак, цыбулька на градзе.
Зелянеюць два-тры клёны,
Гляне ліпа дзе з-за хат;
Дзе-нідзе садок зялёны,
Хворых вішань нізкі рад.
Відны сані пад страхою,
Кола, сошка, барана,
Кол з хваёваю мятлою
Ўбіты ў дол каля вакна.
Колас, Я. Дрыгва : аповесць, паэма, апавяданні / Якуб Колас. – Мінск : Юнацтва, 1990. – 301 с. : іл. – (Школьная бібліятэка).
Урывак з аповесці «Дрыгва«:
Дзед Талаш ізноў адзін і ў паходзе. Ідзе ён ляснымі нетрамі, цёмнымі пушчамі, ідзе з акрэсленаю мэтаю. Дзеду трэба знайсці тую часць чырвонага войска, камандзір якога стаяў у яго на кватэры.
План дзедаў просты: перайсці на лінію Чырвонай Арміі. А там ён распытаецца, дзе знаходзіцца камандзір батальёна, што стаяў у іх вёсцы, — дзед назаве гэту вёску. На шчасце ён ведаў і прозвішча камбата — Шалёхін. Дзед раскажа яму сваю бяду, сваё бацькоўскае гора. Таксама раскажа і пра белапольскае войска — аб ім сёе-тое ведаў дзед Талаш, ведаў некаторыя пункты, дзе яно стаіць, і шмат ведае аб паводзінах польскіх легіянераў і іх афіцэраў. Хіба гэтыя весці не будуць цікавы для камандзіра войска? I на большае пойдзе дзед Талаш: ён пасуліць свае паслугі быць разведчыкам, збіраць патрэбныя весці аб размяшчэнні легіёнаў. Хто, як не ён, пакажа дарогі ў лясах і праходы ў балотах? А самае важнае, што скажа дзед Талаш, гэта тое, што ён мае намер і ўжо робіць першыя крокі ў гэтым кірунку — падняць паўстанне супраць лютага ворага сярод шырокіх пластоў працоўнага сялянства. А чаго ж патрабуе для сябе за гэта дзед Талаш? Ен будзе прасіць камандзіра даць яму хоць з дзесятак смелых ахвотнікаў-чырвонаармейцаў, каб зрабіць нечаканы раптоўны напад на павятовага «камісаржа», на астрог, дзе пакутуе яго зняволены Панас. I яшчэ чаго папросіць для сябе дзед Талаш, гэта — добрую, настаяшчую салдацкую стрэльбу. Калі пашанцуе адбіць яе ў палякаў, то ён верне назад пазычаную стрэльбу. Ен раскажа камандзіру і пра свой план нападу — гэты план смелы і просты, і страты ў людзях не будзе… Няўжо ж ён не схіліць на свой бок камандзіра?
Вось з якімі думкамі ішоў дзед Талаш праз лясныя нетры і пушчы.
Дзед Талаш прайшоў ужо большую частку дарогі. Заставалася яшчэ кіламетраў з шэсць, каб выйсці на Гудароў лог. За гэтым логам стаіць вёска Высокая Рудня, занятая чырвонымі. У гэту вёску і накіроўваецца дзед Талаш…
Колас, Я. Нёманаў дар : апавяданні, аповесць / Якуб Колас. – Мінск : Маст. лiт., 2003. – 431 с. – (Беларуская проза ХХ стагоддзя).
Урывак з апавядання «Нёманаў дар«:
Сонца ўжо было на захадзе.
За сялом у полі вакол агню гуляла цэлая чарада дзяўчат, спраўляючы расу. Недалёка ад агню, на камені, стаяла пустая скавародка і ляжала некалькі драўляных відэльцаў. Тут жа быў невялічкі глячок ад гарэлкі, цяпер пусты і па рыльца ўкопаны ў зямлю; дзяўчаты схавалі яго, каб часам сюды не зірнула цікавае вока якога-небудзь маладога гульца і не раскрыла іх патайнай выпіўкі. Блізка валяліся лупінкі ад яечак як след таго, што дзяўчаты пяклі яечню. Дзяўчаты весела спявалі несні і скакалі па жыце, каб яно лепш расло і радзілася.
— Мне сяготння так весела, дзяўчаткі, так весела, што і сказаць трудна! Мусіць, буду плакаць, — гаварыла Ганна.
— Каб у нас быў такі Васіль, то мы б не зналі, на каторую нагу і ступіць, — жартавалі дзяўчаты, — дзіва што ёй весела.
— От, Ганначка, якая ты шчаслівая: і Васіль цябе любіць, і ляснік, усе. Хоць бы ты мне аддала гэтага лесніка, — жартліва шчабятала Кацярына. — Ён хоць і не надта харошы, але ж сурдут чаго варты!
I дзяўчаты аж заходзіліся ад смеху, перабіраючы костачкі хлопцаў.
— А, паралюш іх бяры з хлопцамі! Давайце, дзяўчаткі, лепш спяваць. Ганна, зачынай!
A і праўда, будзем спяваць, — сказала Ганна.
Дзяўчаты сталі ў кружок, пабраліся за рукі, а Ганна хадзіла ў кругу з вянком на галаве, сплеценым з першых красак. I сама яна была як краска: нават дзяўчаты любаваліся яе прыгожым тварам, доўгімі цёмнымі косамі і стройным станам.
Але песня зараз абарвалася.
— Ціха! Ціха! — закрычала адна дзяўчына такім прарэзлівым голасам, што ўсе папалохаліся і перасталі спяваць.
3-пад Немана ляцеў трывожны крык сялян і чуўся плач жанок; усе гэтыя зыкі зліваліся ў страшную музыку якогась няшчасця.
Дзяўчаты страшна перапалохаліся. Ганна не магла прамовіць і слова. Сэрца яе білася моцна, моцна. Яна ўся збялела і прысела на зямлю.
— Ой, галубачкі! Забілі некага! — загаласілі дзяўчаты і кінуліся кулём туды, адкуль чуўся крык…
Колас, Я. Новая зямля ; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. – Мінск : Юнацтва, 1998. – 447 с. : іл.
Урывак з паэмы «Новая зямля«
За сталом
— Ну, небажаты, будзем снедаць —
Ў людзей садзяцца ўжо абедаць.
Цягні мачанку, маці, з печы!
За стол, малы, за стол, старэчы! —
Гаворыць дзядзька, сам сядае
I стол абрусам засцілае.
Паміж дзвюх лаў пад абразамі
Туліўся стол з двума кастрамі
Аладак грэцкіх, як пампушак,
Ды хлеба з зайчыка краюшак.
Міхал з Антосем, як старыя,
Займалі месцы канцавыя
I іх трымаліся выключна,
Бо тут сядзець ім больш спадручна,
I ў кут старым трудней залезці,
А на пачэсным гэтым месцы
Садзіўся госць — і то не кожан;
А як цяпер кут быў парожан,
То там Алесь прымайстраваўся,
Сядзеў на кукішках, гайдаўся,
Цішком шчыкаючыся з братам.
Кастусь сядзеў між ім і татам;
Ён да яды не так быў падак,
Бо ўжо намазаўся аладак,
Але сядзеў і мяў аладку
Ды штурхаў бацьку пад лапатку.
Уладзік быў у дзядзькі збоку…
Дзяцей, як тых снапкоў на току! —
Сямейка, праўда, немалая:
Чатыры хлопцы, тры дзяўчаці
Ды бацька з дзядзькам, трэцця маці;
I кожны месца сваё мае.
Тым часам маці даставала
Чыгунчык з печы, лыжку брала
I верашчаку налівала…
Колас, Я. Песні жальбы ; Казкі жыцця / Якуб Колас. – Мінск : Маст. лiт., 2007. – 230 с. – (Школьная бібліятэка).
Зло — не заўсёды зло
(з «Казак жыцця»)
Цэлае лета вісеў Жолуд на старым дубе.
Невядома, як далей, а пакуль ён быў малы, вялікага гора зазнаць яму не прыйшлося. Праўда, на яго тады ніхто не зварачаў і ўвагі: як быццам яго і на свеце не было. Толькі сонейка, выплыўшы з-за лесу, узіралася ў яго і песціла сваім цяплом, бы тая маці.
А калі, бывала, яно прыпякала надта горача — любоў часта пераходзіць свае граніцы, — маленькі Жалудок хаваўся ў цяньку густых лістоў, як пад парасонам, і яму заўсёды было добра.
Так і вісеў ён, ні для каго не прыметны.
Але ж, урэшце, вісець яму абрыдла.
Яно такі і праўда: як бы там ні было добра, але калі гэтае дабро цэлы век застаецца без усякай змены, дык яно перастае быць дабром. Гэтак было і з Жолудам: захацелася яму іншага жыцця, так і цягнула яго саскочыць з галіны і пакачацца па мяккай зямлі. Не раз ён ужо парываўся зрабіць гэта.
Сказаўшы праўду, трохі Вецер у гэтым вінаваты. Бывала, ледзь узыдзе сонца, гэты жартаўнік і штукар Вецер зараз і падкрадзецца, але так, каб не чуў стары Дуб, і пачне баламуціць Дубовых сынкоў. Што казаў Жолуд — не ведаю.
Болей смелы Вецер быў смялейшы, гаварыў грамчэй. Вось што ён шаптаў раз Жолуду:
— Дурны ты! Я пражыў на свеце болей вякоў, як лістоў на гэтым дубе, і кажу табе: калі ў цябе ёсць сіла, ты заўсёды знойдзеш спосаб жыць на свеце, праб'еш сабе дарогу — што жывое, жывым і застанецца.
А стары Дуб тым часам гаварыў так:
— Сынок! Патрывай яшчэ трошкі, падрасці, уздужай. О! Ты яшчэ не ведаеш, як цяжка жыць на свеце. Паслухай мяне, старога. Вядома, бацька. Шкада яму сына.
— Не пускае бацька, — ціхенька шаптаў Жолуд на намову Ветру.
I трэба ж было, каб пра гэтую гутарку прачула свіння! Раз, ужо зусім пад восень, Жолуд убачыў, як пад дуб, рохкаючы, трушком падбягала лапавухая асоба. Углядзеўшыся добра, Жолуд абамлеў: на зямлі ляжала шмат такіх жа, як і ён, жалудоў, а свіння хрумстала іх без усякай літасці. На тое ж яна і свіння.
3 вялікага страху бедны Жолуд задрыжаў, вылузаўся з місачкі і ўпаў на зямлю ў двух кроках ад свінні! Але ўпаў ён якраз у тую яміну, што вырыла свіння сваім доўгім лычам.
I вось што выйшла: свіння хацела паесці жалуды і памагла вырасці аднаму Жолуду, вырыўшы яму пасцельку. Жолуд на другі год прарос і стаў дубком, а свінню людзі закалолі, і яна стала мясам.
Колас, Я. Пісаравы імяніны : гумарыстычныя апавяданні / Якуб Колас. – Мінск : Маст. лiт., 2008. – 263 с. – (Школьная бібліятэка).
Недаступны
(урывак)
Быў гарачы летні дзень, адзін з тых дзён, аб якіх гавораць: варыць, як у гаршку. Далёкая цёмная палоска лесу абвязалася наміткаю сіняватай смугі, як маладзіца хусткаю, каб не так пякло сонца. Падыхаўшы зранку, вецер сціх зусім; і здавалася, што ён сціх не дзеля таго, што так трэба, а сумыслу, на злосць усім тым сілам, якім таксама належала не даваць у здзек гарачыні зусім распараную зямлю і ўсё яе стварэнне. Адным словам, здавалася, што вецер зазлаваўся, як той дзядзька Піліп, які, бачачы, што ён адзін толькі працуе ў хаце, а ўсе туляюцца ад работы, як сабакі ад мух, і што адзін ён нічога не ўскурае, — плюнуў, кінуў работу і лёг у халадок, сказаўшы: «Чорт жа вас бяры!».
І ціха было ўсюды. Маўчаў луг, маўчала поле; на вуліцы ў сяле не відаць было нікагутка. Толькі зрэдку перабягаў з надворку ў надворак сабака, высалапіўшы язык і шукаючы лепшай схованкі ад мух. Праўда, дзень быў святы. Сяляне пахаваліся ў халадку, а Карусь Цесля яшчэ ад снедання залёг на таку голым жыватом.
З аднаго канца вуліцы раптам выскачыла ў адной кашулі няскладная фігура селяніна. Па тым, як неслі яго ногі, людзі свядомыя адразу пазналі б, што дзядзька Арцём крыху «хлесянуў», што цяпер няспрытнымі нагамі выратоўваў сваю асобу і што ззаду за ім павінна быць нейкая грозная сіла, ад якой і ратавалі яго непаслушныя ногі. Прабегшы некалькі хат, Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у надворак Юркі Труса, з надворка заламаў у вулачку і пасучыў проста да калодзежа. Дабегшы да студні, Арцём азірнуўся. Вуліца была пустая. Арцём яшчэ раз азірнуўся і, уляпіўшыся за зруб, перакінуў сваё цела ў студню, павісшы на руках. Павісеўшы так з паўхвіліны, ён высунуў сваю кудлатую, ускалмачаную галаву і агледзеўся навокал. Якраз недалёка ад студні бегла, падаткнуўшы спадніцу, кабеціна з качаргой у руках. Арцём борздзенька схаваў за зруб галаву, зірнуў уніз, пусціў рукі і… шугнуў! Праз момант пачуўся глухі пляск вады. Калодзеж быў неглыбокі, і вады ў ім было мала. Шчасліва апынуўшыся на дне, Арцём трохі пачухаў цяжэйшае месца і стаў прымайстроўвацца на скрыні. Скрыня заметна выдавалася над вадой. Арцём усеўся на адным яе беразе, а ў другі ўпёрся нагамі. Тут ён пачуў сябе вольна і выгодна і ўздыхнуў лягчэй…
Агучаная літаратура
Колас, Я. Новая зямля [Гуказапіс] : паэма / Якуб Колас ; тэкст чытае Андрэй Каляда. – Мінск : Вышэйшая школа, сор. 2017. – 1 дыск (11 гадзін 16 мін). – (Бібліятэка школьніка).
Колас, Я. Новая зямля [Электронны рэсурс] : паэма : аўдыякніга / Якуб Колас ; чытае А. Кучарэнка. – Мінск : Звукотэкс : БелТИЗ, 2015. – 1 электрон. апт. дыск (CD-mp3).
Колас, Я. Новая зямля : паэма ; На ростанях : трылогія / Я. Колас. Серыял жывапісных палотнаў «Радзіма Якуба Коласа» / У. Сулкоўскі [Электронны рэсурс] / Якуб Колас. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. – 2 электрон. апт. дыска (CD-ROM). – (Бібліятэка школьніка).
Колас, Я. Новая зямля : паэма / Я. Колас; чытае А. Уладамірскі. Курган : паэма / Я. Купала; чытае І. Курган [Электронны рэсурс] : паэмы, вершы, проза, песні / Якуб Колас. – Мінск : Маст. літ., 2007. – 1 электрон. апт. дыск (CD-ROM). – (Бібліятэка школьніка).










