Галіноўская Ніна
Анатаваны спіс
Галіноўская, Н. Вясёлая пясочніца : вершы / Ніна Галіноўская. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2017. – 20 с. : іл. – (Нашым дзеткам).
Вершы з кнігі
«У пясочніцы»
Сіняе вядзерца,
Чырвоны савок.
Сыплецца ў машыну
Жоўценькі пясок.
Колера машыны
Я не назаву.
Гляньце на газоны,
Гляньце на траву.
«Хто хутчэй?»
Хутка-хуценька вярчуся.
Не спынюся, не спынюся.
Побач верціцца зямля.
Хто хутчэй — зямля ці я?
Галіноўская, Н. Калі я шчаслівы : вершы, казкі, жарты, небыліцы / Ніна Галіноўская. – Мінск : Звязда, 2013. – 160 с. : іл.
Вершы з кнігі
«Гусак-фігурыст»
У гусака ад рання
Фігурнае катанне.
Паставіў ён пласцінку —
Вясёлую «Калінку».
— Танцуе хвацка, гляньце,
Як на чэмпіянаце, —
Дзівуюцца глядачкі —
Чубаткі, гускі, качкі.
— Трайное робіць сальта.
— Узнагародзіць варта.
— Выдатны фігурыст.
— Гусак у нас артыст!
«Лекавая кава»
Бегемот гатуе каву.
Сыпле розную прыправу —
Салодкую, горкую,
3 цыбуляй і моркваю.
Як напіўся кавы,
Жвавы стаў, рухавы.
Шпарка бегаў і куляўся.
У балоце аказаўся.
3 галавой нырнуў у ціну.
Упрыгожаў цінай спіну.
Галіноўская, Н. Палёт з Карлсанам : вершы, казкі / Ніна Галіноўская. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. – 127 с. : іл.
Вершы з кнігі
«Бармалей-повар»
Не шанцуе Бармалею:
У кампот наліў алею,
Кашу цукрам пасаліў,
Спатыкнуўся — боршч разліў.
«Вага падвяла»
Мядзведзь узяў у пчол мядок.
Схаваў пад лаваю збанок.
На лаву сеў і — праваліўся.
Збанок на часткі разваліўся.
«Патанцавала»
Кракадзіл і Шапакляк
Танцавалі кракавяк.
Кракадзіл як пазяхнуў —
Шапаклячку праглынуў.
«Даверлівая муха»
Працавіты павучок
Выткаў мусе гамачок.
Кажа:
— Гушкайся, суседка! Мушка — скок:
— Ой, гэта ж сетка!
«Свіння пад парасонам»
Свіння стаяла пад балконам
3 вялікім чорным парасонам.
Сціх дождж. Свіння бяжыць трушком
I — боўць у лужыну бачком.
Галіноўская, Н. У казачным лесе : вершы, казкі, гульні / Ніна Галіноўская. – Мінск : Звязда, 2020. – 96 с. : іл.
Казка
«Зай-прагназіст, або варона без кароны»
(урывак)
Між бяроз, ялін цыбатых
Зай сабе паставіў хату.
Хата нібы церамок.
Вабіць вокнамі здалёк.
Наваселле справіў Зай.
Елі смачны каравай,
I былі для ўсіх па густу
Морква, шчаўе і капуста.
Адшумела наваселле.
Зай з Зайчыхаю паселі
Шыць зімовае адзенне.
Сумна шэпча лес асенні.
Непрыкметна час прабег,
Закружыўся першы снег,
I пайшоў гуляць мароз
Паміж елак і бяроз.
Неяк раз перад вячэрай
Хтось пастукаў ціха ў дзверы.
— Хто там? — Зай спытаў лагодна,
— Не пазнаў Варону, родны?
Дзверы, заяц, адчыні.
Я не ела ўжо тры дні.
Дзверы шчоўк.
— Заходзь, Варона.
Шчаўе ёсць і макароны.
Пасцялю я на палацях.
— Ды не трэба турбавацца.
На запечак птушка скок:
— Вось дзе цёпленькі куток!
Лепей тут, чым ў гняздзечку.
— Напаліў я добра печку.
Грэйся і адпачывай, —
На палаці скокнуў Зай. —
Доброй ночы, светлых сноў!
Хутка ноч прайшла. I зноў
На маленькіх шыбах сонца
Тчэ зімовыя красёнцы.
— Зараз, дзеці, апранацца.
— Татка, рады пастарацца!
— Не забудзьце пра канькі,
Пра канькі-ледавікі.
Ну і лёд! Блакітны, чысты.
Пад канькамі — прамяністы.
Размаўляе, як жывы:
— Гэй, зайцы, шпарчэй жа вы!
Патанцуйце польку, вальс.
Я іскруся дзеля вас.
Я марозам збудаваны,
Буду вам служыць аддана
Аж да самае вясны…
А Варона:
— Кар-р-р! — з сасны. —
Ты зрабіся нават срэбным,
Для мяне ты не патрэбны.
Ад цябе наўкол сцюдзёна.
— А ты больш сядзі, Варона!..
Вам не холадна, зайцы?
— Вельмі цёпла!
— Малайцы!..
— Дзеці, час ісці дамоў:
Вецер пах нясе бліноў.
Ваша маці іх пячэ.
— Палячу-ка я хутчэй!
Мне, вядома, — блін цяплейшы
І пышнейшы, і смачнейшы! —
І Варона — шырай крылы —
Паляцела што ёсць сілы…






