Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Башлакоў Міхась

Анатаваны спіс

Віно

Башлакоў, М. Віно адзінокіх : лірыка / Міхась Башлакоў. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2011. – 288 с.

Вершы са зборніка

Раніца на Прыпяці
Туман над поймаю бялёсы.
Дрымотна стыне асака.
А цераз Прыпяць едуць козы
Да муражнога астраўка.

Вяслуе бойкая дзяўчына,
Нібы вязе звычаны груз.
І, як на цвік, на рог казліны
Хлапчук павесіў свой картуз.

Плывуць у вочы далягляды
Сваёй бязмежнай шырынёй.
З-за лесу высыпалі хаты
На бераг ветлаю гурбой.

Гляджу я ў далеч, і здаецца,
Світанак Прыпяццю прапах.
Як казлянятка ў лодцы, сэрца
Хвалюецца ў маіх грудзях.
Дарогі Палесся
Дарогі Палесся мяне зачаруюць —
Спынюся ля вёскі над ціхай ракой.
Завечарую, завечарую,
Як стомлены човен за асакой.

Схілюся над чыстай, празрыстай крыніцай.
Кувае зязюля бясконца гады.
I пахнуць суніцы, і пахнуць суніцы,
I месяц у небе такі малады.

У гэтых мясцінах складаюцца песні…
Спытайце — адкажуць: «А што іх складаць?..»
Дарогі Палесся, дарогі Палесся,
Як птушкі у вырай, удалеч ляцяць…
Далеч

Башлакоў, М. Далеч вячэрняя : вершы, паэмы, араторыя / Міхась Башлакоў. – Мінск : Народная асвета, 2017. – 518 с. : іл.

Урывак з паэмы «Лілея на цёмнай вадзе»

Уступ
Ад Радзімы,
Якой ні была б,
Не адракуся ніколі я…

Плачуць над восеньскім полем
Вятры,
Што не знаюць цяпла,
Студзяць,
Заходзяцца болем,
Клічуць зіму на парог.
Крочыць па струнах дарог,
Стомлена гэтак ступае
Нейкі вандроўнік з кійком…
Нібы з далёкіх вякоў,
Трубіць над поймаю рог,
Ціхім пранізвае жалем.
I адклікаецца далеч
Ветру выццём
Ці ваўкоў?
Крочыць вандроўнік з кійком…
Хто?
Не пазнаць аніяк.
Брэх на падворку сабак.
Хто там у цемры блукае,
Стукае ў шыбы, гукае?
Збіўся з дарогі?
Ці што?
Хто?
Ціха у хаце.
Моліцца маці.
Свечкі запаленай німб.
Лікі святых з абразоў
Сочаць, здаецца…
«Божа,
Пашлі нам усім
Веру, надзею, любоў…»
Полымя б’ецца,
Нібы начны матылёк…
«Божа,
Пашлі мне радок
Шчыры і светлы…»
Грукае, шоргае ветрам
Зноў аканіцу.
Нешта не спіцца.
Ціха ступаю
На мокры парог.
«Хто там?» — пытаю.
Чую — ўздыхае.
Крочу за браму.
Мокне за жэрдкамі стог.
«Мама,
Тут нехта стаіць…»
А ў адказ мне дрыжыць
Голас азяблы:
«Вопратку дай прасушыць,
Ногі закляклі…» —
«Ну, дык заходзь,
Гэта гасцінны парог
Хто ты?..» —
«Радзіма…
Надзей і трывог…»
Дні

Башлакоў, М. Дні мае залатыя : кніга паэзіі / Міхась Башлакоў. – Гомель: Сігма, 1993. – 174 с. : іл.

Урывак з паэмы «Цар-дуб»

Я чуў даўно, што недзе на Палессі
Стаіць Цар-дуб у гушчары лясным,
Што верхам ён урос у паднябессе,
У зямлю пусціў глыбока карані.

Адзіны ён такі на белым свеце,
Магутны, грозны, як сапраўдны цар.
Не ўскалыхне галін шалёны вецер,
Хаця вакол гайдаецца абшар.

I колькі год яму — ніхто не знае.
3 сівых вякоў галіны працягнуў.
Маланкамі хрышчоны і грамамі,
Ен выстаяў…
   I не адну вайну.

Нямала на вяку сваім пабачыў.
Час ўецца матыльком вакол ствала.
Шукаў на картах — дуб не абазначаны
Царуе ля якога ён сяла?

Пытаў усюды.
Ўсе нібыта ведалі.
Шмат вёсак называлі і мясцін.
Блукаў Цар-дуб палескаю легендаю,
А я, дзівак, блукаў паўсюль за ім…
Палын

Башлакоў, М. Палын. Чарнобыль = Полынь = Chernobyl : паэтычна-графічны дыялог / Міхась Башлакоў, Міхась Барздыка. – Мінск : Мінская фабрыка каляровага друку, 2005. – 160 с. : іл.

Вершы са зборніка

«Буслы Чарнобыля»
Птушкі белыя, птушкі палескія,
Чым жа вы прад людзьмі вінаватыя?
Прыляталі вы з добрымі весткамі,
Клекаталі над роднымі хатамі.
Над шляхамі, над спелымі нівамі
Вы кружыліся ў небе высока…
Вы махалі нам белымі крыламі
На расстанне з-пад белых аблокаў…

Вы вясну на Палессе прыносілі,
Майстравалі буслянкі да вечара…
I калі нас з тых вёсак вывозілі,
Вы кружыліся ў небе знявечаным…

Клекаталі ўслед нам сіратліва
Над пустымі, бязлюднымі вёскамі.
Вашы белыя, белыя крылы
Ад бяды пачарнелі чарнобыльскай…
«Крыкі шэрых гусей»
Вось і зноўку прыйшла
На зямлю маю восень.
Над пустымі шляхамі
Закружыў ліставей.
Праз туман і дажджы
Зябкі вецер даносіць
Крыкі шэрых гусей,
Крыкі шэрых гусей.

Ах, як плачуць яны
Над маёю Айчынай,
Што навекі пазначана
Чорнай бядой…
Гусі, шэрыя гусі,
На далёкай чужыне
Ападзіце на травы
Горкай-горкай тугой.

У густых трыснягах
Паўнаводнага Ніла
Хай усходзіцца вецер
Ад гэтай журбы,
Плач і боль панясе
На абпаленых крылах
Над сусветам усім…
Можа, заўтра нябыт?!
Пяро

Башлакоў, М. Пяро зязюлі падніму : паэма і вершы / Міхась Башлакоў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2001. – 271 с. : іл.

Вершы са зборніка

«Лясная дарога»
Лясная дарога у лісці пажоўклым
Мне штосьці шапоча пра гэтыя дні
У сонечных промнях. Яшчэ не прамокла.
Настоена хмельным віном цішыні.

То зверне ў арэшнік, прапахлы грыбамі,
То кінецца ў гай да высокіх дубоў,
Што сыпануць на яе жалудамі,
То ў бор векавы яна выведзе зноў.

То ціха абкружыць бярэзнік і пожню
I спыніцца раптам ля звонкай вады,
Дзе выдыхне стому на бераг мурожны
I змые з сябе шэры пыл і сляды.

А потым, бадзёрая, выбежыць зноўку,
Пакліча ў таемны і шызы прастор…
Лясная дарога у лісці пажоўклым
Мне штосьці шапоча пра восеньскі бор.
«Па грыбы»
Штодня хаджу я
Па лясной дарозе
I, як грыбы,
Збіраю я радкі…
Світальны лес
У кошык мой
Прыносіць
Крамяныя,
З расой,
Баравікі…
То выбегуць
Лісічкі на палянку,
То пакланюся
Грузнаму грузду...
I толькі
Мухаморы і паганкі
У кошык свой
Ніколі не кладу…
Слёзы

Башлакоў, М. Як слёзы горкія Айчыны… : кніга паэзіі / Міхась Башлакоў ; [прад. Юрыя Фатнева]. – Мінск : Чатыры чвэрці, 1999. – 147 с. : іл.

Вершы са зборніка

⚹ ⚹ ⚹
Вось ён, дом мой, пад шыферам белым.
Тут дзяцінства маё прайшло.
Прамільгнула ўсё, праляцела
I ў нябыт даўно адышло.

Я стаю каля роднае хаты,
Гладжу цёплы пахілены плот.
Тая ж ліпа, і тыя ж прысады…
I стажок ля знаёмых варот.

3 хваляваннем гляджу анямелы:
Hi сяброў тут ужо, ні радні…
Родны дом мой пад шыферам белым,
Мы з табой на спатканні адны.

Цвет акацыі над палісадам.
Як прыемна былое згадаць…
Бы ў маленстве маім, каля хаты
Пад сасною арэлі рыпяць…
⚹ ⚹ ⚹
Помніцца, сена вазілі
З маці на белым кані.
Колы рыпелі і нылі,
Беглі юнацкія дні.

Ціхай вадою сплывалі
За Церуху і лугі.
Помніцца, сена складалі,
Сена складалі ў стагі.

Ўсё праляцела з гадамі…
Ды толькі памяць крані:
Тут, недзе тут, за стагамі,
Тыя далёкія дні…
Вверх