Алесь Асташонак
70 гадоў з дня нараджэння
Чытайце кнігі Алеся Асташонка ў нашых бібліятэкахАлесь (Аляксандр Мікалаевіч) Асташонак (1954–2004) — празаік, перакладчык, кінасцэнарыст. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1986 года.
Нарадзіўся 1 чэрвеня ў Мінску. Скончыў перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў у 1976 годзе. Працаваў перакладчыкам у Алжыры, інспектарам дэканата па працы з замежнымі навучэнцамі, выкладчыкам французскай мовы Беларускага політэхнічнага інстытута, выхавацелем у тэхнічным вучылішчы будаўнікоў, рэдактарам рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Упраўлення тэатраў і музычных устаноў Міністэрства культуры БССР, рэдактарам у Беларускай Савецкай Энцыклапедыі імя П. Броўкі, старшым рэдактарам часопіса «Крыніца».
Творчая біяграфія
Друкавацца пачаў з 1981 года. Аўтар кніг прозы «Фарбы душы» (1989) і «Жоўты колер белага снегу» (2006); п’ес «Іскры ўначы» (пастаўлена ў 1982, апублікавана ў 1986), «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі» (пастаўлена ў 1984, апублікавана ў 1985), «Рэпетыцыя», «Спагада», «Ахвяра» (усе 1994). Творы Алеся Асташонка адметныя філасафічнасцю, шырынёй жанрава-тэматычнага дыяпазону.
Паводле сценарыяў пісьменніка пастаўлены мастацкі тэлефільм «Камедыянт» (1987) і «Сон» (кароткаметражны фільм паводле ўласнага апавядання «Чарга», 1989; прыз Саюза кінематаграфістаў СССР на XIII Усесаюзным фестывалі тэлевізійных фільмаў, 1989).
Пераклаў на беларускую мову раман П. Буля «Планета малпаў» (1990), Ж. Сіменона «Пад страхам смерці» (1992), Р. Стывенсана «Востраў скарбаў» (1993), Жорж Сіменон «Порт туманоў» («Сучасны замежны дэтэктыў», 1988) і інш.



